Улады перашкаджаюць рэгістрацыі «Маладога фронту»
- 18.01.2010, 16:44
«Малады фронт» не атрымаў ніводнага станоўчага адказу на пададзеныязаявы аб арэндзе памяшкання для правядзення рэгістрацыйнага з’езда.
«Было пададзена 10 заяваў у менскія ўстановы грамадскага і культурніцкага характару, з якіх ніводная не была задаволена. Прычыны адмоваў стандартныя: ці то памяшканне занятае, ці то вядуцца рамонтныя працы. З некаторых памяшканняў, напрыклад, Дома літаратараў, адказу не было ўвогуле, што супярэчыць заканадаўству», - паведаміла кіраўніца праваабарончага аддзела «Маладога фронта» Наста Лойка.
Як паведамляе mfront.net, старшыня «Маладога фронта» Зміцер Дашкевіч выказаў думку, што здзіўляцца няма чаго.
«Адмова «Маладому фронту» ў арэндзе памяшкання для правядзення рэгістрацыйнага з’езду - чарговае сведчанне таго, як ўлада «спрыяе» працэсу дэмакратызацыі ў Беларусі. Нягледзячы на адмовы, «Малады фронт» будзе працягваць шукаць памяшканне і з’езд адбудзецца 30 студзеня як і планавалася», -- заявіў Зміцер Дашкевіч.
Нагадаем, гэта ўжо шостая спроба «Маладога фронта» зарэгістравацца ў Беларусі, пачынаючы з 2000 года.