BE RU EN

Бернд Штанге: Настрой у камандзе сышоў у мінус

  • 11.10.2010, 16:22

Нічыя з Люксембургам не была ганьбай, аднак вынік дрэнны, заявіў галоўны трэнер беларускай футбольнай зборнай на прэс-канферэнцыі ў Менску 11 кастрычніка.

«Мы прааналізавалі гульню і, думаю, зрабілі правільныя высновы, - сказаў Бернд Штанге. - Мы 24 разы верхам пасылалі мяч у цэнтр абароны супернікаў, і ён станавіўся іх лёгкай здабычай. Мы амаль не гулялі праз флангі і не рабілі забяганняў. У нас не было крэатыўнасці, апошняга разумнага пасу паміж абаронцамі. Не хапала траўміраваных Кутузава і Аляксандра Глеба, якія могуць гэта зрабіць. У абароне стабільнасць ёсць: мы прапусцілі толькі адзін мяч у пяці гульнях, але ў нападзе яе пакуль няма».

Як перадаюць «Беларускія навіны», Штанге лічыць некарэктнымі абвінавачванні ў адсутнасці жадання змагацца ў некаторых футбалістаў: «Мы зрабілі 745 пасаў, з іх 82% дакладныя, супернікі - 215 пасаў».

Трэнер падкрэсліў, што зборная абавязаная выйграць матч з Албаніяй, які пройдзе 12 кастрычніка на менскім стадыёне «Дынама».

«Мы павінны сысці на зімовы перапынак з 8 баламі на другім месцы ў табліцы. Гэта будзе цяжка, так як у албанцаў добрая каманда. Нам трэба шукаць рашэнні, каб пераадолець іх абарону», - сказаў Штанге. Паводле яго словаў, Кутузаў і Глеб-старэйшы таксама не змогуць прыняць удзел у гульні.

Штанге паведаміў, што Аляксандр Глеб толькі ўчора пачаў вельмі асцярожна нагружаць траўмаваную нагу, і яго ўдзел у заўтрашнім матчы са зборнай Албаніі малаверагодны.

«Пры гульні на вышэйшым узроўні патрэбен абсалютна здаровы фізічна гулец, - адзначыў настаўнік. - Сёння Аляксандр будзе трэніравацца з камандай, але на гульню выйдуць толькі тыя гульцы, якія на сто адсоткаў гатовыя».

«Настрой у камандзе пасля гульні з Люксембургам сышоў у мінус, расчараванне было вялікае. Паступова сітуацыя паляпшаецца, але пакуль адчуваецца скаванасць. Футбалісты адчуваюць ціск, што яны абавязаны перамагчы, і заўтра будзе цяжкая барацьба», - заявіў Штанге.

Ён адзначыў, што албанская зборная пакідае пазітыўнае ўражанне: «Вельмі стабільная каманда - асабліва ў абароне, дзе гуляюць атлетычныя, дужыя хлопцы; два добрыя нападнікі, адзін з якіх, на шчасце, не будзе гуляць».

«Але албанцы не настолькі моцныя, як Францыя, Боснія і Герцагавіна, і мы проста абавязаныя перамагчы іх і дома, і ў гасцях», - сказаў на заканчэнне галоўны трэнер беларускай зборнай.

Трэнер паведаміў, што 28 кастрычніка дысцыплінарны камітэт УЕФА вынесе рашэнне аб тэрміне дыскваліфікацыі нападаючага Сяргея Карніленкі, выдаленага ў матчы з Люксембургам за ўдар па нагах. «УЕФА і ФІФА вельмі строга падыходзяць да падобных парушэнняў, таму дыскваліфікацыя можа быць працяглай», - адзначыў ён.

Апошнія навіны