За чатыры гады адмова ад размеркавання падаражэла на 23 мільёны
- 11.10.2010, 16:32
Выпускнікоў гэтая сума палохае, таму яны ўсё радзей адмаўляюцца ад размеркавання.
«Даехалі практычна ўсе», - адказаў на пытанне пра тое, як прайшло размеркаванне ў 2010 годзе, намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно. Пра колькасць студэнтаў, якія не з'явіліся на месца адпрацоўкі, распавяла начальнік упраўлення кадраў БДУ Наталля Няпеўная, перадае «Еўрарадыё».
«...Іх з кожным годам становіцца ўсё менш і менш. І, у асноўным, гэта тыя выпускнікі, якія па законе пазбягаюць размеркавання аўтаматычна. Тыя, хто паступіў у магістратуру і аспірантуру, на перыяд навучання вызваляюцца ад вяртання сродкаў», - паведаміла Няпеўная.
Падрабязную статыстыку ў Белдзяржуніверсітэце не паведамляюць. Але падобная карціна назіраецца і ў педуніверсітэце, дзе да месца размеркавання «не даехалі» усяго 2 леташніх выпускніка.
«На працу накіравана 910 чалавек, - распавёў начальнік аддзела кадраў БДПУ Валерый Алавяннікаў. - З іх 69 паступілі ў магістратуру, 16 закліканыя ў войска і знаходзіцца ў адпачынку па выхаванні дзіцяці. І два па размеркаванні не з'явіліся».
Іх выпадкі камісія па вяртанні сродкаў яшчэ не разглядала: выпускнікам накіраваныя лісты з просьбай растлумачыць, чаму яны не з'явіліся на месца размеркавання.
«У мінулым годзе ў нас быў такі выпадак, - працягвае Валерый Алавяннікаў. - Адна нашая выпускніца паехала ў Тайланд адпачываць і зламіла там нагу. Яе шпіталізавалі. Мама нам патлумачыла сітуацыю, і мы накіравалі такі ліст, каб яна патлумачыла прычыны. Яна прыехала ў кастрычніку. Мы ведалі гэта і не прымалі рашэння па вяртанні грошай».
Дарэчы, сума кампенсацыі за навучанне ў педуніверсітэце з мінулага года не вырасла.
«Канкрэтную суму назваць складана, але з улікам усіх выдаткаў яна можа складаць ад 17 да 22 мільёнаў рублёў», - паведаміў Алавяннікаў.
Затое ў БДУ, паводле неафіцыйных звестках, яна ў гэтым годзе можа скласці 40 мільёнаў рублёў - у залежнасці ад факультэта і шэрагу іншых акалічнасцяў.
Чатыры гады таму «ўхілісты» вярталі БДУ за свабоду ад двухгадовай адпрацоўкі сваёй «бясплатнай» вышэйшай адукацыі каля 17 мільёнаў рублёў. У пазамінулым годзе гэтая лічба павялічылася да 30 мільёнаў, а ў 2009 - да 40 мільёнаў. Натуральна, гэта не ўлічваючы нерваў.