Зборная па веласпорце ўзбунтавалася ўслед за баскетбалісткамі
- 11.11.2010, 14:32
Дапамога беларускіх уладаў спорту пачынаецца і заканчваецца толькі на хакеі.
Нядаўна ў польскім Прушкаве скончыўся чэмпіянат Еўропы па веласпорце, на якім беларускія спартсменкі выйгралі залаты і срэбраны медаль. Вынік мог быць і лепшым, калі б не праблемы, звязаныя з падтрымкай зборнай федэрацыяй.
Пра гэта распавяла «Спартыўнай панараме» веласіпедыстка зборнай Беларусі Таццяна Шаракова.
«Які сэнс распавядаць пра выступ, калі нашыя медалі, падобна, нікому не патрэбныя? Прынамсі, яны нічога не мяняюць. Нармальнага інвентара як не было, так і няма. У апошні час нам нават харчавацца на зборах даводзілася за свой кошт. За адзін з іх выплацілі грошы толькі праз паўтара месяца, за другі, які таксама даўно скончыўся, да гэтага часу не разлічылі. Як можна пры такім стаўленні развівацца далей? Гэта цуд, што мы яшчэ медалі заваёўваем. Але што далей? Усе суперніцы поўным ходам рыхтуюцца да этапаў Кубка свету, па выніках якіх будзе рабіцца адбор на Алімпіяду, а мы як былі ні з чым, так ні з чым і застаемся.
Сваім выступленнем засталася задаволеная. З нашым інвентаром цяжка разлічваць на большае.
У каманднай гонцы не ўсё атрымалася, таму што там трэк трошкі іншы. І на ім было халаднавата. Таму і вынік аказаўся не такі добры. Бо для высокіх хуткасцяў патрэбна адпаведная тэмпература паветра - вышэй за 25 градусаў, каб спартоўцам камфортна было ехаць. А на веладроме ў Прушкаве і халодна было, і вецер гуляў з-за таго, што дзверы пастаянна адчынялі. Ды і гледачоў збіралася не так шмат, як хацелася.
Усе віды мнагабор'я былі няпростымі. Але найбольш складанай аказалася, напэўна, групавая гонка па балах. Трошкі не разлічыла яе. У омніуме галоўнае - правільна разлічыць сілы. Таму ў кожным відзе спрабуеш па магчымасці эканоміцца, пры гэтым імкнучыся паказаць добры вынік. Калі б я выклалася цалкам у той жа балавай гонцы - і як бы выглядала на заўтра ў самых складаных дысцыплінах гонцы пераследу, якая вельмі многае вырашала, і гіце на 500 метраў? Выйграўшы апошні, дарэчы, полька Малгажата Войтыра з дзевятага месца ў агульным заліку адразу пераскочыла на трэцяе. Гэта значыць омніум - непрадказальны від, яго цяжка пралічыць», - распавяла Таццяна Шаракова.
Нагадаем, што ў кастрычніку гэтага года на выканкаме Беларускай федэрацыі баскетбола быў агучаны адкрыты ліст нацыянальнай жаночай зборнай па баскетболе. Прычынай звароту стала сітуацыя, якая склалася ў працэсе падрыхтоўкі каманды да топ-турніраў у апошнія гады. Спартсменкі заявілі, што маюць намер адмовіцца гуляць за зборную, калі сітуацыя з забеспячэннем каманды не зменіцца.