BE RU EN

Віцебскі чыноўнік лічыць Беларусь «рускай дзяржавай»

  • 12.02.2010, 11:39

Начальнік аддзела па працы з моладдзю адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска стварыў арганізацыю «Рускі дом» і адкрыта выступае супраць беларускай мовы.

Прыкладна паўгады таму ў Віцебску было створанае грамадскае аб'яднанне «Рускі дом». Узначаліў яго начальнік аддзела па працы з моладдзю адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска, чалец праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Андрэй Герашчанка. Але вядомы ён стаў не сваёй творчасцю ці поспехамі ў працы з моладдзю, а дзякуючы выказванням пра беларускую мову, незалежнасць краіны і нацыю беларусаў у цэлым. Да прыкладу, вось што ён сказаў у інтэрв'ю расейскаму парталу materik.ru адносна беларускай мовы:

«Беларуская мова не мае шырокага распаўсюду і ўжывання - гэта, хутчэй, мова мясцовай «самастойнай» інтэлігенцыі. Канчаткова яна была створаная ў пачатку мінулага стагоддзя і з'яўляецца штучнай сумессю розных мясцовых дыялектаў», - заявіў Герашчанка.

«Еўрарадыё» датэлефанавалася да віцебскага чыноўніка-«літаратара». У гутарцы ён пацвердзіў, што, на яго погляд, адраджэнне беларускай мовы неабходна не людзям, а вузкаму колу інтэлігенцыі.

«Гэта праблема вузкага кола творчай інтэлігенцыі, якая спрабуе пабудаваць пад сябе нейкую ідэальную дзяржаву, якую яны самі сабе ўяўляюць. Але наўрад ці гэта на практыцы атрымаецца», -- сказаў Герашчанка.

Таксама ён адзначыў, што неабходнасці ў беларускамоўных школах і дзіцячых садках няма.

«Чаму сёння няма беларускіх школаў? Таму што ў гэтым няма сацыяльнай неабходнасці проста. Калі б была патрэба, паверце мне, аб'ектаў хапіла б, каб перавесці на беларускую мову. Калі мы ў Віцебску фармавалі беларускія класы, мы з вялікай цяжкасцю назбіралі 13 чалавек на адзін клас. У нас ёсць адзін садок беларускі ў Віцебску. Ён папулярны па адзінай прычыне - там ёсць шыкоўны басейн, і таму ўсе хочуць запісацца. Сёння патрэбы ў народа ў беларусізацыі няма», -- заявіў «пісьменнік».

Таксама Герашчанка сказаў: «Беларусь бачыцца мне хутчэй яшчэ адной рускай дзяржавай, чым іншанацыянальным утварэннем. Ва ўзаемаадносінах Расеі і Беларусі больш правільна апераваць тымі крытэрамі, якімі мы ацэньвалі стасункі ГДР і ФРГ...».

У гутарцы чыноўнік прызнаўся, што ён супраць таго, каб яго дзеці вывучалі беларускую мову, і хоча, каб засталася «руская парадыгма» у пакаленнях. Што гэта азначае, не патлумачыў, але паскардзіўся, што рускіх людзей у Беларусі прыгнятаюць.

«У нас у Беларусі слова «рускі» пад дастаткова вялікай забаронай. Таму што гэта нейкая канкуруючая парадыгма, якая, калі ёй даць магчымасць, і прыхільнікі, скажам так, незалежнасці і беларусізацыі будуць мець такі ж пункт гледжання, калі даць ёй магчымасць, дык вялікая цывілізацыя, скажам, руская, праглыне культурна беларускую. Адсюль - спроба адасобіцца, зрабіць нейкую штучнасць, асобны народ. Але гэта наўрад ці атрымаецца», -- заявіў Герашчанка.

І таму, кажа, трэба «адмаўляцца ад штучнай незалежнасці, нешта там адраджаць» – і імкнуцца цалкам зліцца з Расеяй. І не глядзець у бок Захаду.

Віцебскі чыноўнік-пісьменнік сказаў яшчэ шмат чаго ў гэтым жа стылі. Але паказальная яшчэ адна вытрымка з таго ж «расейскага» інтэрв'ю.

«Варта адзначыць, што яшчэ з савецкіх часоў менавіта беларусы-літвіны практычна цалкам кантралююць шэраг значных сфераў у галіне культуры - тэатры, СМІ, выдавецтвы і да т.п., што і прыводзіць да ілюзіі пражывання ў Беларусі як бы цалкам іншага, не рускага народа. На жаль, у шэрагах літвінаў нямала і рускіх (вялікаросаў), якія прыехалі з самой Расеі, вывучылі афіцыйную беларускую мову і не разумеюць, што такім чынам яны гуляюць на руку тым ворагам Рускага свету, якія хочуць навечна адарваць Белую Русь ад Расеі і канчаткова пазбавіць беларусаў іх спрадвечнай рускасці. Адзін з самых яркіх прыкладаў падобных памылак - пайшоўшы з жыцця кіраўнік ВІА «Пясняры» Уладзімір Мулявін, які нарадзіўся і вырас ў Сібіры», -- сказаў «пісьменнік»

Апошнія навіны