Беларускія чыноўнікі назвалі пазіцыю РФ па нафце «аднабокай»
- 12.02.2010, 17:15
Так лічыць начальнік аддзела нетарыфных мер, экспартнага і валютнага кантролю ўпраўлення арганізацыі мытнага кантролю Мытнага камітэта Беларусі Алег Фядотаў.
«Логіка РФ аднабокая: пакуль яны ўвязваюць экспартную пошліну да фармавання Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расеі і Казахстана ў 2012 годзе», - цытуе чыноўніка «Інтэрфакс».
«Але з пункту гледжання Беларусі, ва ўмовах мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана, функцыянавання гандлёва-эканамічных адносін унутры мытнага саюза, пры якім адсутнічаюць мытнае афармленне і кантроль, па вызначэнні не можа быць ні імпартных, ні экспартных мытных пошлін», - сказаў спецыяліст. «На гэтым будуецца перамоўная пазіцыя Беларусі», - падкрэсліў Фядотаў.
Ён нагадаў, што Беларусі і Расеі пакуль удалося дамовіцца аб пастаўках у рэспубліку бяспошлінна 6,3 млн т нафты для ўнутранага спажывання. Ён выказаў надзею аб аднаўленні перамоў па вызначэнні ўмоў паставак расейскай нафты да 1 ліпеня 2010 года, калі мытны саюз «тройкі» уступіць у новую фазу.
Нагадаем, 27 студзеня віцэ-прэм `ер Расеі Ігар Сечын і віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка падпісалі пагадненне аб пастаўках нафты ў Беларусь, якое прадугледжвае ў 2010 годзе бяспошлінную пастаўку 6,3 млн тон нафты для ўнутранага спажывання Беларусі і выплату 100% расейскай экспартнай пошліны на аб'ём паставак (каля 16 млн тон), які застаўся. Уладзімір Сямашка не хаваў, што беларускі бок не задаволены ўмовамі пагаднення і застаецца прыхільнікам механізму, які абмяркоўвася раней. Механізм прадугледжвае бяспошлінны гандаль унутры Мытнага саюза з наступным міжбюджэтным размеркаваннем пошлін, што спаганяюцца на знешняй мяжы Мытнага саюза.