BE RU EN

Дональд Туск: Патрэбна новая стратэгія ў адносінах з Беларуссю

  • 12.02.2010, 17:40

Прэм'ер-міністр Польшчы заявіў, што стратэгія ЕЗ, скіраваная на збліжэнне з афіцыйным Менскам, не дае вынікаў.

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск лічыць, што ўмовай паляпшэння польска-беларускіх і еўрапейска-беларускіх адносінаў павінна быць «падвышэнне стандартаў у Беларусі, у тым ліку стандартаў успрымання польскай меншасці і іншых нацыянальных меншасцяў у краіне». Пра гэта, як перадае БелаПАН, кіраўнік польскага ўраду заявіў журналістам у Варшаве 12 лютага.

«Гэтая ўзаемасувязь відавочная», - прыводзяць ягоныя словы польскія СМІ.

Як заявіў Туск, Варшава «выразна дае зразумець беларускім партнёрам, што, калі яны хочуць паляпшэння супрацоўніцтва, збліжэння з Еўропай, каб іх лепш паважалі ў свеце, гэтыя ўмовы павінны быць выкананы». «Калі вы не хочаце ці не можаце іх выканаць, то сувязі застануцца замарожанымі», - заявіў польскі прэм'ер.

Туск сказаў, што сітуацыя з польскай меншасцю «не з'яўляецца адназначным эфектам двухбаковых адносінаў»: «злую ролю» у ёй адыграла таксама ўнутраная сітуацыя ў Беларусі.

«Тыя несумленныя і скандальныя элементы рэпрэсій і цяжкасці жыцця, функцыянавання польскай меншасці і яе інстытутаў не маюць пад сабой рэальных прычын і як вынік кампраметуюць унутраную палітычную сітуацыю ў Беларусі», - лічыць ён.

Прэм'ер-міністр прызнаў, што «нялёгкім рашэннем» для яго і кіраўніка МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага стала «адначасовая палітыка набліжэння Беларусі да еўрапейскіх стандартаў і стандартаў еўрапейскай палітыкі і актыўнага аднаўлення беларуска-польскіх адносін, каб тым самым таксама дапамагчы палякам Беларусі».

«Няўзброеным вокам бачна, што такая палітыка не прынесла хуткіх вынікаў. Патрэбна польская стратэгія развіцця адносінаў з Беларуссю, мы будзем над ёй працаваць», - заявіў кіраўнік польскага ўраду.

Як паведамляе РАР, намеснік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Крэмер адзначыў, што «польскі ўрад не праводзіць у дачыненні да Беларусі палітыкі саступак». Паводле яго слоў, 11-12 лютага падчас візіту кіраўніка МЗС Беларусі Сяргея Мартынава ў Варшаву будзе абмяркоўвацца сітуацыя вакол польскай меншасці ў Беларусі.

Апошнія навіны