Урача з Вілейкі прымусілі адмовіцца ад удзелу ў «выбарах»
- 23.02.2010, 11:27
Сябра партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» з Вілейскага раёна Аляксандр Анкуда адклікаў заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты.
Фельчарска-акушэрскі пункт вёскі Бубны, дзе працуе Аляксандр Анкуда, прызнаны лепшым у раёне па выніках 2009 года, паведамляе прэс-служба БХД.
Аляксандру Анкудзе патэлефанаваў непасрэдны начальнік, галоўны ўрач цэнтральнага вілейскага раённага шпіталя Ігар Статкевіч і загадаў забраць заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. У адваротным выпадку Анкуду пагражала звальненне.
Нагадаем, што шматлікія апазіцыянеры адчуваюць ціск з боку мясцовых уладаў і працадаўцаў у сувязі з жаданнем удзельнічаць у «выбарах» у мясцовыя саветы.
Так, напрыклад, прадстаўніка партыі «Справядлівы свет» у Рагачове (Гомельская вобласць) Мікалая Мельнікава мясцовыя ўлады вымусілі адмовіцца ад удзелу ў выбарах, прыстрашыўшы звольніць з музычнай школы.