На беларуска-расейскай мяжы ўтварылася 15-кіламетровая чарга
- 23.02.2010, 14:00
Прадстаўнікі расейскай мытні заяўляюць, што затор звязаныя з чатырма выходнымі днямі ў Расеі.
15-кіламетровая аўтамабільная чарга ўтварылася на ўчастку беларуска-расейскай мяжы на трасе Берасце-Масква, паведамляе БелТА. У чарзе знаходзяцца ў асноўным вялікагрузныя аўтамабілі з нумарамі Еўразвяза, а таксама расейскімі і беларускімі нумарамі.
Як патлумачылі супрацоўнікі расейскай мытні, чарга, якая ўтварылася, звязаная з чатырма выходнымі днямі, якія выпалі ў Расеі ў сувязі са святам Дня абаронца Айчыны. Ніякіх новаўвядзенняў на расейскай мытні няма, сказалі супрацоўнікі мытнага паста. Паводле іх словаў, у папярэднія тры дні плыні аўтамабіляў у бок Расеі практычна не было.
Па словах расейскіх мытнікаў, з-за таго, што некаторыя кіроўцы вялікагрузных аўтамабіляў выязджаюць на паласу, прызначаную для руху легкавых аўтамабіляў, апошнія таксама вымушаныя прастойваць на беларуска-расейскай мяжы.
З боку Расеі ў накірунку Беларусі чаргі практычна няма.