BE RU EN

Гары Паганяйла: Забарона палітычных партыяў у вну парушае Канстытуцыю

  • 24.02.2010, 10:38

Эксперты адзначаюць, што беларускія ўлады хочуць пазбавіцца ад прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў у навучальных установах.

У беларускіх вну плануецца ўвесці забарону на дзейнасць палітычных партыяў. Такая норма, як заявіў старшыня «парламенцкай» камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч, утрымліваецца ў праекце Кодэкса аб адукацыі.

Як паступяць тады з БРСМ і «Белай Руссю» і чаму гэта парушыць Канстытуцыю і міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі, аналізуюць эксперты «Заўтра тваёй краіны».

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначае, што арганізаваных структураў апазіцыйных партыяў у беларускіх вну і ў школах няма.

«У той жа час Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь», якое, па сутнасці, з'яўляецца палітычным утварэннем, прысутнічае там у абавязковым парадку. Больш за тое, калі настаўнікаў і выкладчыкаў, якія з'яўляюцца сябрамі АГП пад пагрозай страты працоўнага месца прымушаюць выходзіць з партыі, дык у «Белую Русь» у такім жа загадным парадку заганяюць», -- падкрэслівае палітык.

Па словах Анатоля Лябедзькі, забарона на дзейнасць у вну палітычных партыяў не закране лаяльных да улады арганізацыяў. Лідэр АГП лічыць, што дэпутатам «палаты прадстаўнікоў» трэба думаць не пра тое, як уводзіць новыя забароны, а як узняць планку адукацыі ў краіне.

Кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла нагадвае, што ў Беларусі афіцыйна абвешчаны палітычны і партыйны плюралізм.

«Увядзенне забароны на дзейнасць палітычных партыяў у вну парушыць дзеючую Канстытуцыю, міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі, паколькі партыі з'яўляюцца структурамі грамадзянскай супольнасці», -- заяўляе кіраўнік юрыдычнай камісіі БХК.

Ён лічыць, што пералік дэпалітызаваных установаў павінен быць вельмі абмежаваны і дакладна прапісаны ў законе аб грамадскіх аб'яднаннях.

Апошнія навіны