«EUobserver»: Лукашэнка ездзіў у Швейцарыю рабіць аперацыю на прастаце
- 24.02.2010, 15:23
Брусэльскае інтэрнэт-выданне EUobserver.com, асвятляючы канфлікт беларускіх уладаў з Саюзам палякаў, паведамляе, чаму Лукашэнка нечакана з'ехаў у адпачынак у Швейцарыю.
EUobserver.com паведамляе, што амбасадар Беларусі ў Еўразвязе Уладзімір Сянько «выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што некаторыя афіцыйныя польскія асобы далі еўрапейскім інстытутам «ненармальнае тлумачэнне рэальнай сітуацыі вакол польскай меншасці ў Беларусі».
Ён зрабіў гэтую заяву ў адкрытым лісце, які разаслаў у аўторак у СМІ. Ліст мае загаловак: «ЕЗ занепакоены, але Беларусь просіць пра цярплівасць».
Беларускі дыпламат спаслаўся на дадзеныя неназванага «нядаўняга» сацыялагічнага апытання, згодна з якім 97% палякаў у Беларусі нібыта не адчуваюць якой-небудзь дыскрымінацыі з боку ўладаў.
Закранаючы тэму дэбатаў у Еўрапарламенце, дзе збіраліся абмяркоўваць магчымыя санкцыі супраць уладаў Беларусі, Сянько адзначыў: «Любыя спробы паўплываць звонку, роўна, як і спробы прымусіць улады Беларусі падтрымаць любы з бакоў канфлікту, не толькі непрымальныя, але і контрпрадуктыўныя».
Далей EUobserver.com піша, што ў асяроддзі Лукашэнкі чыноўнікі нібыта падзеленыя на два лагеры - праеўрапейскі і прарасейскі, і менавіта прарасейскі даў каманду распачаць ганенне Саюза палякаў.
Сам Лукашэнка напачатку канфлікту быў у Швейцарыі, дзе яму рабілі аперацыю на прастаце, паведаміў EUobserver.com высокапастаўлены дыпламат у Еўразвязе. У адказ на гэтую інфармацыю прадстаўнік беларускай амбасады заявіў выданню: «Гэта ўсё толькі плёткі. Я не магу гэта каментаваць».