У школьных кабінетах – 5 градусаў цяпла
- 4.02.2010, 11:15
У шмат якіх беларускіх школах дзеці вымушаныя вучыцца ў жудасных умовах.
Маладзечанскі міжраённы камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў парушэнні сацыяльных стандартаў цяпла ў садках, школах і жылых дамах у Мядзелскім і Маладзечанскім раёнах Менскай вобласці, паведамляе газета «Наша Ніва».
Супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю паведамілі, што ў прыбіральні дзіцячага садка, што знаходзіцца ў Занарачы, 22 студзеня было 7 градусаў цяпла, у спальні – 9. У іншых памяшканнях крыху цяплей. 11 градусаў у раздзявалцы, у групавым пакоі старэйшай групы – 15 градусаў цяпла.
Мерзлі ў гэты дзень таксама вучні Занарацкай сярэдняй школы. Напрыклад, у кабінеце біялогіі было 16 градусаў, а вось у кабінеце геаграфіі ўсяго толькі 5 градусаў цяпла.
У Камітэт дзяржкантролю на нізкую тэмпературу ва ўстановах адукацыі паскардзіліся таксама жыхары Чысці і вёскі Заскавічы Маладзечанскага раёна.