У Польшчы адбыўся лыжны прабег у гонар Кастуся Каліноўскага (Фота)
- 8.02.2010, 14:49
Лыжны прабег быў прымеркаваны да 172-й гадавіны з дня народзінаў кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве.
Як паведамляе «Еўрарадыё», лыжны прабег прайшоў 7 лютага ў Польшчы - з Баброўнікаў у Мастаўляны, дзе нарадзіўся і пражыў першыя гады жыцця Кастусь Каліноўскі.
Акцыю зладзіла арганізацыя «Беларуская нацыянальная памяць». Пасля прабегу яго ўдзельнікі наведалі месца, дзе стаяў дом Каліноўскіх. Плануецца, што тут будзе ўстаноўлены памятны знак у гонар кіраўніка паўстання.
Нагадаем, што Кастусь Каліноўскі - кіраўнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі супраць царызму ў 1863-1864 гадах. Ён са сваімі аднадумцамі імкнуўся прыцягнуць сялян да барацьбы за свабоду, зямлю і народаўладдзе, заклікаў таксама да стварэння самастойнага беларускага ўрада, незалежнага ад Расеі і Польшчы. Падчас паўстання на тэрыторыі Беларусі адбылося 56 баёў і баявых сутычак з царскімі войскамі, але ўжо да верасня 1863 года паўстанне было задушана. 128 чалавек, у тым ліку Каліноўскі, былі пакараныя. Выступленні супраць царызму мелі месца яшчэ і ў 1864 годзе.