BE RU EN

Беларусь зможа праводзіць ваенныя вучэнні на расейскіх палігонах

  • 9.02.2010, 11:35

Вучэнні беларускай ваеннай авіяцыі на расейскіх палігонах могуць быць арганізаваныя як аўтаномна, так і ва ўзаемадзеянні з Расеяй.

Дзякуючы новым дамоўленасцям з Расеяй Беларусь зможа на планавай аснове арганізоўваць вучэнні авіяцыі ВПС і войскаў СПА на расейскіх палігонах, паведамілі БелаПАН у Міністэрстве абароны Беларусі.

Гэта прадугледжана падпісаным 29 студзеня ў Маскве міністрамі абароны двух краінаў Пратаколам да Пагаднення ад 1996 года, на падставе якога беларускім злучэнням супрацьпаветранай абароны дадзеная магчымасць бязвыплатнага правядзення баявых стрэльбаў на расейскіх палігонах.

Па словах прадстаўніка Мінабароны Беларусі, прымяненне авіяцыі падчас беларускіх вучэнняў на палігоне Ашулук у Астраханскай вобласці Расеі апрабоўвалася на працягу шэрагу гадоў на падставе разавых дамоўленасцяў. Зараз гэтая праца будзе пераведзеная на планавую аснову.

Пратакол прадугледжвае, што вучэнні беларускай ваеннай авіяцыі на расейскіх палігонах могуць быць арганізаваныя як аўтаномна, так і ва ўзаемадзеянні з зенітнымі ракетнымі злучэннямі ВПС і войскаў СПА Беларусі і авіяцыяй ВПС Расеі.

Нагадаем, што ў 2009 годзе беларускія і расейскія ўлады правялі на тэрыторыі Беларусі сумесныя ваенныя вучэнні «Захад-2009». Тады брытанская «Telegraph» са спасылкай на польскі часопіс «Wprost» напісала, што падчас сумесных вучэнняў расейскіх і беларускіх вайскоўцаў «Захад-2009» былі адпрацаваныя ўдар па тэрыторыі Польшчы і высадка дэсанта на ўзбярэжжа гэтай краіны. Пры гэтым, паводле звестак выдання, расейскія Ваенна-паветраныя сілы падчас вучэнняў праводзілі трэніроўку па выкарыстанні ядзернай зброі.

Апошнія навіны