BE RU EN

Прэм'ер-міністрам Украіны абраны Мікалай Азараў

  • 11.03.2010, 12:35

Мікалай Азараў стаў кіраўніком урада Украіны па прапанове прэзідэнта краіны Віктара Януковіча.

Сёння раніцай Рада зацвердзіла новую кіруючую кааліцыю парламенцкай большасці, затым кааліцыя прапанавала прэзідэнту на разгляд кандыдатуру Мікалая Азарава на пасаду прэм'ера, а Віктар Януковіч унёс прапанову па прызначэнні новага прэм'ера ў парламент.

Азараў - вядомы фінансіст, быў віцэ-прэм'ерам ва ўрадзе Януковіча, узначальваў Мінфін і падатковую службу краіны.

Новы кіраўнік кабінета ўжо паабяцаў, што ўрад на працягу месяца сфармуе бюджэт краіны на 2010 год і ўнясе яго на разгляд Рады. Выступаючы перад парламентам, Азараў адзначыў, што, паводле прагнозаў шэрагу эканамістаў, у 2012 годзе ў свеце чакаецца другая хваля эканамічнага крызісу. «Украіна павінна быць падрыхтаваная да магчымай другой хвалі крызісу», - заўважыў ён.

Азараў будуе планы па стабілізацыі сітуацыі ва Украіне ў 2010 годзе. У прыватнасці, ён разлічвае на аднаўленне супрацоўніцтва Украіны з Міжнародным валютным фондам. «Я спадзяюся, што міжнародныя фінансавыя арганізацыі адновяць фінансавае супрацоўніцтва з Украінай, і гэтая праграма будзе пашырана і перагледжана», - заявіў Азараў.

Сёння ўвечары парламент Украіны плануе зацвердзіць прапанаваны новым прэм'ерам кабінет міністраў. Таксама сёння пройдзе першае паседжанне ўрада.

Януковіч ужо прапанаваў парламенту шэраг членаў новага ўрада. На пасаду кіраўніка МЗС прэзідэнт прапанаваў амбасадара Украіны ў РФ Канстанціна Грышчанку, на пасаду міністра абароны - Міхаіла Ежаля, старшыні Службы бяспекі Украіны - Валерыя Харашкоўскага.

Апошнія навіны