BE RU EN

У Вільні ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага

  • 22.03.2010, 10:29

22 сакавіка 1864 года ў Вільні загінуў нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі.

У сталіцы Літвы ўшанавалі памяць змагара ўрачыстай акадэміяй і шэсцем у цэнтры горада з бел-чырвона-белымі сцягамі, перадае «Радыё Свабода».

Шэсце пачалося ад крыжа змагарам за свабоду Літвы, які стаіць над мэмарыяльнай плітой паўстанцам 1863-1864 гадоў каля касцёла Святога Якуба на Лукішскім пляцы. Удзельнікі сабраліся, нягледзячы на дождж, а з раніцы памятнае месца прыбралі і ўпрыгожылі кветкамі і свечкамі актывісты «Віленскага беларускага музэя імя І. Луцкевіча». Далей калона са сцягамі прайшла ад таго месца, дзе стаяла шыбеніца (каля будынку суда пры Лукішскай плошчы, там цяпер знаходзіцца сымбалічны помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў) на праспекце Гедыміна да Замкавай гары, дзе Каліноўскі быў пахаваны. У шэсці ўзялі удзел каля 60–70 чалавек, сярод якіх жыхары Вільні, актывісты з Беларусі, студэнты ЕГУ і каля 20-ці беларускіх студэнтаў-каліноўцаў, якія спецыяльна дзеля гэтага прыехалі з Польшчы.

Любоў Кучынская, студэнтка Гуманітарнай Акадэміі імя Аляксандра Гэйштара з горада Пултузка з-пад Варшавы, прадстаўляла грамадскую кампанію «Еўрапейская Беларусь».

«У Вільні я ўпершыню. Не шкадую, што прыехалі, таму што такія рэчы трэба памятаць, бо ў нас няма нічога іншага такога ўзроўню. Трэба берагчы тое, што ў нас ёсць, і прыехаць менавіта на гэтае месца. Гэта наш абавязак», -- заявіла актывістка.

Перад шэсцем у Еўрапейскім гуманітарным унівэрсітэце ў Вільні прайшла ўрачыстая акадэмія. З адкрытымі лекцыямі выступілі гісторыкі і краязнаўцы.

«Нягледзячы, што гэта адносна нядаўняя гісторыя, гісторыя другой паловы 19-га стагоддзя, паўстанне вельмі слаба асветленае, слаба вывучанае, -- сказаў беларускі гісторык Уладзімір Хільмановіч з Гародні. -- Часцяком я кажу, што нават пра нашае сярэднявечча мы ведаем болей, бо больш напісана грунтоўных працаў. Па-сутнасці, няма яшчэ грунтоўных манаграфіяў пра гэтае паўстанне ва ўсёй беларускай гістарыяграфіі. Трэба вывучаць, каб нашая мінуўшчына не абрастала новымі міфамі, каб сутнасць гэтага паўстання была зразумелая кожнаму патрыёту Беларусі».

Ніякага памятнага знака на Замкавай гары ў Вільні, дзе пахаваны Кастусь Каліноўскі, зараз няма, хаця месца пахавання дакладна вядомае. На гэтым месцы удзельнікі шэсця запалілі свечкі, усклалі кветкі.

«Беларуская нацыянальная памяць» заклікала ўсіх беларусаў у тых гарадах, дзе ёсць вуліцы імя Кастуся Каліноўскага ці памятныя знакі, ушанаваць памяць героя ў дзень яго смерці, 22 сакавіка. Запаліць свечкі, ускласці кветкі.

Апошнія навіны