Кіраўнік МУС: На акцыях апазіцыі журналістаў не было
- 22.03.2010, 11:44
Фотакарэспандэнтаў агенцтваў «Рэйтар», «Радыё Свабода», «Нашай Нівы», charter97.org, «Асашыэйтэд Прэс» міністр унутраных справаў журналістамі не лічыць.
Анатоль Куляшоў не бачыць неабходнасці сустракацца з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, паколькі «ўзаемадзеянне супрацоўнікаў органаў унутраных справаў і журналістаў рэгламентаванае законам РБ «Аб сродках масавай інфармацыі».
Пра гэта, як перадае прэс-служба БАЖ, кажацца ў адказе на лютаўскі зварот старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жаны Літвіной да Анатоля Куляшова.
У звароце старшыня БАЖ нагадвала міністру пра яго абяцанне разабрацца, чаму грамадскае аб'яднанне не атрымала адказу на свой папярэдні ліст з нагоды парушэнняў правоў журналістаў невядомымі асобамі ў цывільным падчас вулічных акцыяў увосень 2009 года.
Літвіна прапаноўвала паўторна даслаць міністру фатаграфіі людзей, якія заміналі працаваць журналістам, а таксама сустрэцца асабіста, каб мець магчымасць абмеркаваць узаемаадносіны МУС і журналістаў.
Анатоль Куляшоў у сваім лісце ад 16.03.2010 сцвярджае, што першы зварот БАЖ «разгледжаны ў вызначаным парадку», і адказ на яго накіраваны ў адрас заяўніка яшчэ 9 кастрычніка 2009 (Пра што казалася ў тым адказе, які з нейкіх прычынаў не дайшоў да БАЖ, нічога не паведамляецца.)
Міністр таксама заяўляе, што правядзенне вулічных акцыяў на Кастрычніцкай плошчы забароненае, а супрацоўнікі ГУУС Менгарвыканкама, прыцягнутыя для забеспячэння парадку, «ва ўсіх выпадках, якія разглядаліся, дзейнічалі ў адпаведнасці з нарматыўна-прававымі актамі Рэспублікі Беларусь».
«Паколькі спецыяльных указанняў наконт стварэння перашкодаў для ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці журналістаў супрацоўнікі міліцыі не атрымлівалі, даць інфармацыю пра асобы, якія аддавалі і выконвалі такія загады, немагчыма», - кажацца ў лісце.
Акрамя таго, паводле назіранняў Куляшова, на згаданых мерапрыемствах «грамадзянаў, якія абазначылі сябе як журналісты СМІ, выяўлена не было». Адсутнічаюць «абазначаныя журналісты» і на фатаграфіях, прыкладзеных да папярэдняга звароту кіраўнікоў БАЖ да міністра.
Што датычыць тлумачэнняў супрацоўнікам міліцыі заканадаўства аб СМІ, то «такая праца вядзецца рэгулярна», і ў першую чаргу з тымі супрацоўнікамі міліцыі, якія прыцягваюцца для забеспячэння грамадскага парадку падчас правядзення масавых мерапрыемстваў, - кажа міністр.
«Як вынікае з ліста, МУС не збіраецца даваць інфармацыю пра асобы, якія аддавалі і выконвалі загады, што прывялі да парушэння правоў журналістаў, -- пракаментаваў адказ Анатоля Куляшова намеснік старшыні ГА «БАЖ», юрыст Андрэй Бастунец. -- Пры гэтым міністр спасылаецца на тое, што ў журналістаў адсутнічалі ідэнтыфікацыйныя абазначэнні прадстаўнікоў СМІ, і ўзгадвае зацверджаную Міністэрствам інфармацыі форму службовага пасведчання.
Заўважу, што гэтае пасведчанне зацверджанае ў форме кніжачкі, якая не можа вешацца на пінжак ці кашулю, а можа прад'яўляцца па запатрабаванні. Да таго ж, фотаапараты і відэакамеры яскрава дэманстравалі, што людзі ажыццяўляюць журналісцкую дзейнасць. Больш за тое - яны спрабавалі прад'явіць свае дакументы тым супрацоўнікам, якія заміналі ім працаваць ...
Што датычыць адмовы сустракацца - тут нават каментаваць няма чаго. Гэта паказвае гатоўнасць органаў унутраных справаў ісці на кантакт з грамадзянскай супольнасцю і са СМІ».
Нагадаем, што на прэс-канферэнцыі ў Менску 28 студзеня, калі журналісты задалі міністру пытанне пра праверку дзеянняў невядомых асобаў у дачыненні да журналістаў на масавых акцыях, Анатоль Куляшоў адказаў наступнае:
«Мне ў міліцэйскім жыцці на кіраўнічай пасадзе даводзілася сутыкацца з такімі фактамі - яны, вядома, недаказальныя - калі нейкія асобы хацелі справакаваць стасункі паміж міліцыяй і прадстаўнікамі СМІ. Таму, калі гаворка ідзе пра асобы, якія нам невядомыя, нашая задача заключаецца ў тым, каб гэтых асобаў выявіць ...
Я не выключаю, што гэта менавіта і робіцца для таго, каб вы потым маглі вось у такім нядобрым святле выстаўляць органы ўнутраных справаў. Калі ж такія факты будуць выяўленыя з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дык мы па іх будзем праводзіць службовыя праверкі, даваць адпаведную ацэнку і вас пра вынікі гэтай праверкі інфармаваць...»
Агент у цывільным перашкаджае працы фотакарэспандэнта «Асашыэйтэд Прэс»
А гэта не даюць працаваць журналісту амерыканскай радыёстанцыі «Свабода/Свабодная Еўропа»
Амапаўцы замінаюць працы фотакарэспандэнта агенцтва "Рэйтар"
Агент у цывільным перашкаджае працы фотакарэспандэнта «Асашыэйтэд Прэс»
А гэта не даюць працаваць журналісту амерыканскай радыёстанцыі «Свабода/Свабодная Еўропа»
Агент у цывільным перашкаджае працы фотакарэспандэнта «Асашыэйтэд Прэс»
А гэта не даюць працаваць журналісту амерыканскай радыёстанцыі «Свабода/Свабодная Еўропа»
«Гобліны» ў цывільным супраць www.charter97.org