У Магілёве працягваюцца «чысткі» чыноўнікаў
- 22.03.2010, 13:41
З пасады начальніка Магілёўскай абласной управы фонду сацыяльнай абароны насельніцтва звольнены былы старшыня Магілёўскага гарвыканкама Віктар Шорыкаў.
Як паведамляе «Радыё Свабода», яго звальненьне афіцыйныя крыніцы не каментуюць.
На прэс-канферэнцыі старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка згадвалі звальненне шэрагу дзяржаўных чыноўнікаў структуры выканаўчай улады:
«Ёсць закон «Аб дзяржаўнай службе». У ім гаворыцца, што калі ёсць факты, якія супярэчаць функцыям дзяржаўнага чыноўніка, то з ім скасоўваецца кантракт. Значыць такія факты былі. Ці чакаюцца падобныя адстаўкі далей, я вам скажу так, як кажа наш кіраўнік дзяржавы: «У любой справе павінен быць вынік станоўчы, калі выніку няма, то сам прасіся ў адстаўку з панурай галавой. Іншага выйсця няма. Асабліва тады, калі ў свеце бушуе цяжкі эканамічны крызіс», -- сказаў Руднік.
«Летась восенню Віктар Шорыкаў напісаў заяву па стане здароўя. І яе задаволілі. Фактамі гэтага году я, на жаль, не валодаю, паколькі праводзілася праверка адміністрацыяй кіраўніка дзяржавы. І па выніках гэтай праверкі было прынятае рашэнне»,-- цытуюць Пятра Рудніка дзяржаўныя СМІ.
Факт звальнення Шорыкава пацвердзілі ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Супрацоўніца фонду паведаміла, што з Шорыкавым скасавалі кантракт па згодзе бакоў у сувязі з яго хваробай.
Віктар Шорыкаў да прызначэння на пасаду начальніка абласной управы фонду сацыяльнай абароны насельніцтва больш за сем гадоў старшыняваў у Магілёўскім гарвыканкаме. На гэтую пасаду яго прызначылі ў сакавіку 2002 года. Звольнілі – 8 снежня 2009 года.
Акрамя звальнення Шорыкава вядома, што 15 сакавіка з пасады кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну быў зняты Яўген Лебедзеў. На гэтую пасаду яго прызначылі са згоды Аляксандра Лукашэнкі 26 снежня 2003 года.