Палітычна актыўны? Пад скарачэнне!
- 4.03.2010, 15:27
На Бярозаўскім шклозаводзе «Нёман» (Лідскі раён) больш за 30 працоўных атрымалі пісьмовыя папярэджанні аб тым, што праз месяц з імі не будзе працягнуты кантракт.
Адзін з мясцовых актывістаў, Сяргей Трафімчык, распавёў, што кантракты на «Нёмане» звычайна працягвалі на пяць гадоў. А летась і сёлета, паводле яго словаў, многія супрацоўнікі прадпрыемства працуюць па скарочаным графіку, перадае «Радыё Свабода».
Сяргей Трафімчык звярнуў увагу на тое, што пад скарачэнне трапляюць высокакваліфікаваныя працоўныя, якія маюць стаж па 5 і больш гадоў. Ён таксама дадаў, што не працягваюць кантракт і палітычна актыўным людзям.
«Некаторым людзям, якія зараз бяруць удзел у зборы подпісаў, таксама прыйшлі паведамленні аб тым, што кантракт не працягнуць. Прычым гэта людзі з 5, 6 разрадамі», - распавёў Трафімчык.
Адзін з такіх актывістаў, які збірае подпісы за дэмакратычнага вылучэнца, таксама атрымаў паведамленне, што пасля 22 сакавіка кантракт з ім працягвацца не будзе.
Мужчына лічыць, што з ім так абыходзяцца выключна з-за ягонай актыўнай грамадзянскай пазіцыі на прадпрыемстве, бо ён неаднаразова збіраў подпісы працоўных пад пратэстамі ў адрас адміністрацыі за няпоўную выплату заробкаў і іншыя парушэнні.
«Не адзін раз да мяне падыходзіла начальніца змены з намёкамі - не лезь, куды не трэба. Нават казалі з адміністрацыі, калі я збіраў подпісы: «Ты палез, куды не трэба», - узгадвае працоўны «Нёмана».
Яшчэ адзін працоўны, які папрасіў не называць яго прозвішча ў СМІ, заявіў: няма сумнення - яго звальняюць за тое, што ён з’яўляецца актывістам Партыі БНФ. Дзе знайсці працу ў Бярозаўцы, ён не ўяўляе, і таму напісаў скаргу кіраўніку прадпрыемства.