Таварыства аховы помнікаў заклікае байкатаваць тавары «Трайпла»
- 20.04.2010, 9:12
Нагодай для гэтага стаў удзел кампаніі ў знішчэнні помнікаў архітэктуры.
Абаронцы культурнай спадчыны прапануюць байкатаваць усе тавары і паслугі, якія прадстаўляюцца кампаніяй «Трайпл». Пра гэта паведаміў «Еўрарадыё» кіраўнік таварыства Антон Астаповіч.
У прыватнасці, па словах гісторыка, «Трайпл», парушаючы ахоўнае заканадаўства, паставіў будынак на скрыжаванні вуліцаў Багдановіча, Заборскага і Старажоўскай. Акрамя таго, кампанія ўдзельнічае ў пабудове гатэля Kempinski на месцы першай менскай электрастанцыі (каля будынку цырка).
«І атрымліваецца так, што калі мы набываем паслугі і тавары «Трайпла», мы фінансуем знішчэнне нашай гісторыка-культурнай спадчыны. Таму я і заклікаю: каму дарагая спадчына - не трэба фінансаваць разбуральнікаў і парушальнікаў заканадаўства», - сказаў Астаповіч.
Астаповіч адзначыў, што заклікае байкатаваць усе тавары і паслугі кампаніі, якая належыць вядомаму бізнэсмэну Чыжу: напоі «Трайпл», кавярні (напрыклад, «Салодкі фальварак»), горналыжны комплекс «Лагойск», хакейны клуб «Дынама» (Менск) і г.д.
Па словах Астаповіча, неафіцыйна сваю падтрымку байкоту выказалі чальцы такіх грамадскіх аб'яднанняў, як «Гісторыка», IKAMOS.