Карупцыйны скандал у Гародні працягваецца
- 12.05.2010, 9:49
Супрацоўнікі праваахоўных органаў арыштавалі дырэктара Гарадзенскага мясакамбіната Анатоля Грышчука.
Анатоля Грышчука абвінавачваюць у нанясенні шкоды дзяржаве ў памеры больш за 300 мільёнаў беларускіх рублёў, паведамляе «Радыё Свабода».
Арышт Грышука, які больш за 20 лёт кіраваў мясакамбінатам, - чарговы эпізод у вялікім карупцыйным скандале, які разгортваецца ў Гарадзенскай вобласці. Крымінальныя справы ўзбуджаныя ў дачыненні да былога начальніка ўпраўлення ўнутраных справаў, генерала Генадзя Хацько, былога старшыні абласнога савета дэпутатаў Аркадзя Карпуця і шэрагу іншых высокапастаўленых асобаў вобласці. Карупцыйны скандал у вобласці стаў разгортвацца пасля нечаканага сыходу з пасады губернатара Уладзіміра Саўчанкі, які папрасіўся ў Аляксандра Лукашэнкі на лягчэйшую працу.
З неафіцыйных крыніцаў вядома, што арышт дырэктара мясакамбіната наўпрост звязаны з продажам маёмасці прадпрыемства фірме, якая потым здавала набытыя плошчы ў арэнду мясакамбінату. Анатоль Грышук меў намер стаць дэпутатам гарадскога савета, быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты, але за некалькі дзён да выбараў зняў сваю кандыдатуру. Наручнікі на яго надзелі на працоўным месцы.