Беларускія турыстычныя сайты «заддосілі»
- 12.05.2010, 10:26
Шэсць вядучых беларускіх сайтаў 8-9 траўня падпалі пад DDoS-атаку.
Пра гэта паведаміў уладальнік Holiday.by Андрэй Барашка. Факт нападу ў сваім блогу пацвердзілі і прадстаўнікі Traveling.By, перадае Electroname.com.
«Час абраны з такім разлікам, каб службы тэхпадтрымкі хостынг-правайдэраў мелі складанасці ў аказанні дапамогі, па інфармацыі калегаў плынь запытаў ідзе з расейскіх і ўкраінскіх сервераў. У цяперашні час вядома, што пацярпелі сайты: holiday.by, otzyv.by, traveling.by, kyda.by, turizm.ru, viptur.by», - паведамляе ў блогу ўладальнік сайта Traveling.By.
«У выпадку расследавання падобных інцыдэнтаў заўсёды можна вызначыць, каму гэта трэба і выгадна. Любы DDoS каштуе грошай і проста так «забаўляцца» ніхто не будзе. Атрымліваецца так, што арганізатар у дадзеным выпадку – адзін з удзельнікаў рынка. Даказаць пакуль складана, але адкуль растуць ногі, асабіста мне зразумела з верагоднасцю ў 100%. Розныя нагрузкі пры атацы і адсутнасць сярод атакаваных некалькіх буйных турсайтаў толькі пацвярджае падазрэнні – нас хочуць пасварыць, маўляў шукайце «ворага» сярод тых, хто застаўся цэлы. Бязглузда. Падобнымі метадамі можа весці «канкурэнтную барацьбу» толькі адзін сайт, аўтары і ўладальнікі якога проста не ўмеюць дзейнічаць адкрыта і сумленна», намякае Traveling.By.
Паводле інфармацыі electroname.com, адразу некалькі турсайтаў па факце нападу ўжо звярнуліся ва ўпраўленне «К» МУС Беларусі.
«Мы звярнуліся ва ўпраўленне «К», нашая хостынг-кампанія знаходзіцца ў супрацоўніцтве з МУС, вядомыя IP-адрасы, з якіх ідуць звароты, і будзем імкнуцца пазнаць аўтара гэтага нападу. Нягледзячы на тое, што гэтае здарэнне можа лічыцца форс-мажорам, Holiday.by прыме ўсю адказнасць на сябе, кампенсаваўшы ўсе негатыўныя наступствы для нашых кліентаў ад атакі хакераў», заявіў electroname.com Андрэй Барашка, уладальнік пацярпелага ад атакі Holiday.by.