BE RU EN

Рэдактары незалежных СМІ безвынікова схадзілі ў Мінінфарм

  • 12.05.2010, 16:01

Першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч сустрэлася з выдаўцамі чатырох газэт, якім Мінінфармацыі адмаўляе ў рэгістрацыі.

«Сустрэча скончылася нічым», - падсумоўваюць журналісты, дадаючы, што асаблівага аптымізму сітуацыя са СМІ ў іх не выклікае.

Як перадае «Салідарнасць», на сустрэчы з намеснікам міністра прысутнічалі Вольга Карач («Наш дом»), Сяргей Балай («Хімік. Два гарады»), Уладзімір Шыра («Салігорск плюс») і Алесь Чыгір («Новая газета Бабруйска») .

«Сустрэча скончылася практычна нічым, - распавялі ў Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). - Лілія Ананіч сказала, што Міністэрства працуе ў рамках закону. Калі камусці адмаўляюць ў рэгістрацыі, значыць, пры падачы дакументаў была парушаная нейкая частка заканадаўства альбо не выкананы нейкія ўмовы».

«Цяжка рабіць нейкія адназначныя высновы, - падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы Сяргей Балай. - Але пазіцыя афіцыйнага боку (у дадзеным выпадку, службоўцаў Міністэрства інфармацыі) не выклікае аптымізму. Мяркуючы па тым, як адказвалі ў Міністэрстве на нашыя пытанні, там увогуле не бачаць ніякай праблемы ў тым, што не рэгіструюцца 8 выданняў. «Затое ёсць паўтары тысячы зарэгістраваных СМІ, якія выдатна дзейнічаюць. Выканайце ўсе пункты закона - то так зарэгіструем і вас», - кажуць там. Хаця кожны раз знаходзяцца новыя прычыны для нерэгістрацыі. Чаму б не пазначыць адразу на ўсе памылкі, калі яны ёсць?»

Газэта «Хімік. Два гарады» ў чацвёрты раз будзе спрабаваць прайсці рэгістрацыю. Аднак асаблівых надзеяў журналісты не адчуваюць.

«Будзем рабіць нейкія высновы зыходзячы з таго, як павядуць сябе чыноўнікі пасля нашай размовы, - лічыць Сяргей Балай. - Тое, што спроба размовы з Міністэрствам склалася - гэта вельмі добра. Хаця да дыялогу чыноўнікі цалкам не гатовыя: мы прапанавалі ім прыняць удзел у прэс-канферэнцыі БАЖ і правесці круглы стол з прадстаўнікамі тых СМІ, якія да гэтага часу не могуць зарэгістравацца. Але спадарыня Ананіч сказала, што Міністэрства інфармацыі ў яе асобе не бачыць у гэтым неабходнасці, як і не бачыць праблемы як такой ».

У наступных сустрэчах з чыноўнікамі асаблівага сэнсу пакуль няма, лічаць журналісты.

Апошнія навіны