Пашпарты беларусам прыйдзецца мяняць месяц
- 18.05.2010, 9:11
Афармляць пашпарты ў Беларусі пачалі па-іншаму - даўжэй.
Па-першае, на тэрміновы выраб дакумента зараз будзе сыходзіць 15 каляндарных, а не 10 працоўных дзён, як раней. Па вялікім рахунку, атрымліваецца на 1 дзень даўжэй: бо 5 працоўных дзён, плюс выходныя, гэта 14 каляндарных. Па-другое, плаціць за пашпарт зараз трэба 17,5 тысячаў рублёў, гэта значыць на 2,5 тысячы менш, чым раней. А вось афармляць пашпарт непаўнагадовым будуць бясплатна, калі дакумент афармляецца не ў паскораным парадку, а ў звычайным, паведамляе «Радыё Свабода».
Зараз у аддзелах па грамадзянстве і міграцыі МУС - самы гарачы час. Акрамя стандартнага наплыву наведнікаў перад сезонам адпачынкаў супрацоўнікам МУС дадаў працы Еўразвяз. Нагадаем, з 5 красавіка амбасады ЕЗ не прымуць пашпарт, які выдадзены больш за 10 гадоў таму, няма 2 чыстых старонак ці яго тэрмін дзеяння скончыцца менш чым за тры месяцы да выезду з краіны.
Здаць дакументы на пашпарт - не вялікая праблема: іх прымаюць у разлікова-касавых цэнтрах па месцы жыхарства, з 8.00 да 20.00 кожны будны дзень.
- Заявак на замену пашпарта ў сярэднім па рэспубліцы стала больш на траціну, - кажа Аляксей Бягун, начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС. - Мае ролю і сезон адпачынкаў, і новыя правілы. Парада адна: рыхтавацца загадзя да паездак! Глядзець, калі сканчаецца пашпарт, і разлічваць час. Працы, вядома, больш, але мы імкнемся ўкладвацца ва ўсталяваныя тэрміны, гэта месяц у звычайным парадку і 15 дзён, калі паскораны парадак выдачы.
У Менску ахвотнікаў атрымаць новы пашпарт яшчэ больш:
- Калі раней мы прымалі 1 тысячу пашпартоў у тыдзень, дык цяпер - 4 тысячы! - распавялі ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі ў адным з раёнаў Менска. - Цяпер пашпарты ў агульным парадку робяць да месяца, у сярэднім 3-3,5 тыдні. Спадзяемся, хутка хваля сыдзе.