Прычыны падзення беларускага МіГ-29 не агалошваюцца
- 26.05.2010, 11:48
Камісія Мінабароны зрабіла папярэднія высновы пра прычыны інцыдэнту, які адбыўся 21 красавіка з самалётамі МіГ-29.
Пра гэта паведаміў сёння журналістам у Палаце прадстаўнікоў міністр абароны Беларусі Юры Жадобін, перадае БЕЛТА. «Пакуль працягваецца расследаванне, папярэднія высновы ўжо зробленыя», - сказаў Юры Жадобін, адзначыўшы, што, пакуль не падпісаны канчатковы акт, не варта агучваць канкрэтную інфармацыю СМІ.
Як паведамлялася, увечары 21 красавіка падчас планавага палёту ва ўмовах абмежаванай бачнасці пры выкананні манеўру падвышанай складанасці адбылося судатыканне крылом на вялікай хуткасці двух самалётаў МіГ-29 927-й знішчальнай авіябазы. Лётчык аднаго з самалётаў здолеў пасадзіць машыну на базавым аэрадроме, а пілоту другой машыны прыйшлося катапультавацца. Прычына таго, што здарылася, расследуецца камісіяй Мінабароны. Па гэтым факце Беларуская ваенная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па ч.1 арт.465 «Парушэнне правілаў палёту ці падрыхтоўкі да іх» КК Беларусі.