Беларускія інтарэсы літоўскіх багацееў
- 11.06.2010, 12:54
У Літве падлічылі дамарослых мільянераў. Топ-40 багацееў апублікаваў часопіс Veidas.
З бліжэйшых суседзяў літоўскія мільянэры да крызісу займалі другое месца пасля расейцаў па колькасным прысутнасці ў беларускай эканоміцы. Эксперты «Заўтра тваёй краіны» прааналізавалі новы топ Veidas, зыходзячы з таго, хто з яго ўдзельнікаў мае інтарэсы ў Беларусі.
Крызіс унёс у рэйтынг некаторыя карэктывы. У топ самых багатых літоўцы ў 2010 годзе, напрыклад, не патрапілі банкіры Уладзімір Раманаў (UBIG) і Раймондас Баранаўскас (Snoras). У абодвух маюцца інтарэсы ў Беларусі.
Уладзімір Раманаў ў свой час атрымаў некалькі пляцовак пад забудову ў Менску (стадыён «Трактар», а таксама ў мікрараёнах Каменны Лог і Лошыца), а ў Snoras ёсць сваё прадстаўніцтва ў беларускай сталіцы.
Самым заможным (1,2 млрд літаў) названы галоўны акцыянер Achemos grupе Браніславас Лубіс, які ў маі ўзначальваў дэлегацыю літоўскіх бізнесменаў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
У першай дзесятцы, акрамя Лубіс, гэты раз аказаліся Нерыюс Нумавічюс (1,1 млрд. літаў, Vilniaus prekybа), Дарюс Моцкус (1 млрд. літаў, MG Baltic), Аўгусцінас і Артурас Ракаўскасы (726 млн. літаў, Senukai), Жільвінас Марцінкявічюс (648 млн. літаў, Vilniaus prekybа), Дайнюс Дундуліс (600 млн. літаў, Rivonа), Відмантас Кучінскас (525 млн. літаў, Arvi ir ko), Арунас Марцінкявічюс (504 млн. літаў, SBA), Рамунас Карбаускіс (486 млн. літаў, Agrokoncernas), Нерыюс Дагіліс (323 млн. літаў, Hermis Capital).
З верхняй часткі спісу свой бізнэс захавалі і працягваюць развіваць у Беларусі толькі браты Ракаускасы. Гэта сетка будаўнічых крам «Ома».
Яшчэ два бізнэсмэны з першай дзесяткі разглядаюць магчымасць выхаду на беларускі рынак. Калі Дарюс Моцкус пакуль яшчэ канчаткова не вызначыўся (цікавасць у яго выклікаецца стварэнне ў Беларусі сеткі магазінаў гатовага адзення), то супрацоўніцтва з Відмантасам Кучынскасам ужо папярэдне адобрылі некаторыя з беларускіх ведамстваў. Кампанія Arvi ir ko плануе пабудаваць у Беларусі завод па вытворчасці складаных угнаенняў. Партнёрам у праекце павінен стаць «Беларуськалій».
Літоўскі девелопер, уладальнік кампаніі Hunner Арвідас Авуліс, які да крызісу пачаў буйны праект у Менску (рэканструкцыя «Беларусьфільма» і забудова тэрыторыі камерцыйнай нерухомасці), нягледзячы на крызіс, па-ранейшаму ўваходзіць у топ-40. Ён знаходзіцца на 26 пазіцыі з капіталам 98 млн літаў.