BE RU EN

У Барані забаставалі працоўныя

  • 17.06.2010, 9:39

16 чэрвеня працоўныя такарнага ўчастка № 3 ААТ «Лёс» горада Барані прыйшлі на працоўнае месца, але адмовіліся распачынаць працу.

Сваімі дзеяннямі працоўныя хацелі прымусіць адміністрацыю прадпрыемства выканаць абяцанні аб павышэнні расцэнак за працу, якая выконваецца. Сярод працоўных цэха як актывісты Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ), так і сябры прафсаюза прамысловасці, які ўваходзіць у Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі.

Перамовы з адміністрацыяй прадпрыемства аб павелічэнні зарплаты, справядлівым размеркаванні прэміяў і пераводзе работнікаў здзельнай аплаты працы на бестэрміновыя працоўныя дамовы актывістамі СПМ вядуцца з пачатку года. Адміністрацыя доўгі час адмаўлялася ісці на якія-небудзь саступкі. Больш за тое, з яе боку была зробленая спроба звольніць маладога працоўнага, які ўступіў у СПМ. Рашэнне наймальніка выклікала хваляванні. Працаўнікі ўчастка № 3 падрыхтавалі зварот да дырэктара з шэрагам патрабаванняў, галоўнае з якіх - падоўжыць кантракт іх калегу. У выпадку невыканання гэтых патрабаванняў працоўныя былі гатовыя распачаць страйк. У выніку ў актывістаў СПМ атрымалася не толькі абараніць свайго калегу, але і дамагчыся павышэння зарплаты. Адміністрацыя паабяцала рабочым падвысіць расцэнкі на 20-30% пры выкананні заказу.

«Дырэктар абяцаў падвысіць расцэнкі пры выкананні буйных заказаў на ўвесь сезон - з траўня па жнівень. Аднак загад аб павышэнні расцэнак дзейнічаў толькі адзін месяц травень і не быў працягнуты. Працоўныя адмаўляюцца працаваць, каб прымусіць адміністрацыю выканаць раней дадзеныя абяцанні», - паведаміў «Беларускаму партызану» старшыня першаснай арганізацыі СПМ на ААТ «Лёс» Васіль Леўчанкаў.

Адміністрацыя пакуль не робіць ніякіх крокаў, каб выканаць патрабаванні працоўных такарнага ўчастка, але ўжо прыстрашыла іх, што, калі яны не распачнуць працу, дык заказ будзе адданы ў ААТ «Орша».

Апошнія навіны