Польскі эксперт: Расея аддала нам фальшывую расшыфроўку
- 3.06.2010, 16:48
Расейскі бок падмяніў стэнаграмы запісаў «чорных скрыняў» самалёта Качынскага, у выніку чаго Польшчы быў перададзены 31 траўня зусім не той дакумент.
З такой заявай выступіў у чацвер падпалкоўнік польскіх ВПС Барташ Страінскі - адзін з экспертаў, якія ездзілі ў Маскву і ўдзельнічалі ў расшыфроўцы, піша NEWSru.com са спасылкай на польскае выданне Super Express.
Ён сцвярджае, што ў копіі стэнаграмы, атрыманай палякамі, няма ягонага подпісу, хоць падпалкоўнік уласнаручна падпісваў дакумент у расейскай сталіцы. Акрамя таго, стэнаграма, апублікаваная ў Варшаве 1 чэрвеня, датаваная 2 траўня, а Строінскі, па яго словах, завізаваў яе раней. Усё гэта ваенны эксперт выказаў журналістам польскага тэлеканала TVN24, указвае выданне.
Барташ Страінскі пілатаваў Ту-154, на якім ўсяго за тры дні да крушэння прэзыдэнцкага самалёта ў Катыні прыбыў па запрашэнні расейскага прэм'ера Пуціна яго польскі коллега Дональд Туск.
Адначасова прэс-сакратар міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Магожата Вазняк паведаміла, што польскія спецыялісты не пацвердзілі прысутнасць шэфа дыпламатычнага пратакола МЗС Польшчы Марыюша Казаны ў кабіне пілотаў самалёта, які разбіўся.
«Тое, што голас не прадстаўніка экіпажа, які зарэгістравала «чорная скрыня», належаў Марыюшу Казані, з'яўляецца толькі здагадкай. Не пацвердзілі гэтага і польскія эксперты», - прыводзіць яе словы TVN24, на які спасылаецца УНІАН. Па яе словах, гэта здагадка заснавана на звароце камандзіра экіпажа да неідэнтыфікаванай асобы «Пане дырэктар».
Прадстаўнікі Міждзяржаўнай авіяцыйнай камісіі (МАК), якая базуецца ў Маскве і расследуюе прычыны катастрофы, аднак, указалі ў стэнаграме перамоваў прозвішча Казаны, адзначыла прэс-сакратар.
Нагадаем, Польшча афіцыйна пацвердзіла, што ідэнтыфікаваны толькі адзін з двух пабочных, якія знаходзіліся ў кабіне пілотаў у момант катастрофы, - гэта галоўнакамандуючы ВПС краіны Анджэй Бласік.
Між тым амбасадар Польшчы ў Расеі Ежы Бар паведаміў у прамым эфіры радыёстанцыі «Эха Масквы», што прыкладна праз два тыдні чакаецца больш падрабязная расшыфроўка запісаў бартавых самапісцаў. Нагадаем, у перададзенай палякам стэнаграмы многія фрагменты адзначаны адзнакай «неразборліва».
«Аказалася, што там ёсць месцы, якія яшчэ трэба больш падрабязна, пры дапамозе яшчэ больш дакладных тэхнічных інструментаў паглядзець. Быць можа, пэўныя элементы, датычныя таго, хто казаў тое, што неразборліва да гэтага часу, будуць больш яснымі», - сказаў амбасадар.
Каментуючы словы Яраслава Качынскага, брата-двайнюка загінулага прэзідэнта, аб тым, што расшыфроўка самапісцаў не зрабіла для яго яснымі акалічнасці катастрофы, Ежы Бар заўважыў: «Мне складана інтэрпрэтаваць меркаванне спадара Качынскага, у якога, вядома, асаблівы статус ахвяры. Тут цяжка думаць такім жа самым спосабам. Трэба разумець, што хтосці так адчувае».
Самалёт польскага прэзідэнта Леха Качынскага Ту-154 разбіўся пад Смаленскам раніцай 10 красавіка. Загінулі ўсе 96 чалавек, якія знаходзіліся на яго борце, - 88 пасажыраў (практычна ўся палітычная эліта краіны) і восем членаў экіпажа. Польскія кіраўнікі накіроўваліся ў Катынь, каб ўпершыню прыняць удзел у мемарыяльных мерапрыемствах.