Чыноўнікі працягваюць праводзіць эксперыменты на ІП
- 8.06.2010, 11:14
Нават пасля ўступлення ў сілу рашэння Менаблвыканкама прадпрымальнікі наўрад ці змогуць гандляваць півам на прыпынках.
Прадпрымальнікам Менскай вобласці чыноўнікі дазволілі гандляваць півам на прыпынках грамадскага транспарту. Адпаведнае рашэнне № 518 ад 11 траўня, якое павінна набыць сілу ў хуткім часе, прыняў Менаблвыканкам. Прычым, зрабіў гэта ў процівагу заявам Мінгандлю пра тое, што забарона на продаж піва ў аб'ектах дробнарознічнага гандлю — рашэнне канчатковае, пішуць «Беларускія навіны».
Прадпрымальнікі лічаць, што прычыны нечаканага пратэсту чыноўнікаў супраць уласна прынятых рашэнняў крыюцца ў падзенні аб'ёмаў продажаў піва, зніжэнні выручкі ІП і, адпаведна, скарачэнні падатковых паступленняў у бюджэт.
Аднак чыноўнікі, па словах прадпрымальнікаў, прымаючы рашэнне, альбо чагосьці недагледзелі, ці то проста наўмысна стварылі ілюзію разгулу дэмакратыі ў дачыненні да гандлю півам. Па словах прадстаўнікоў бізнэс-супольнасці, нават пасля ўступлення ў сілу рашэння Менаблвыканкама прадпрымальнікі наўрад ці змогуць гандляваць півам на прыпынках.
Як патлумачыў «Беларускім навінам» старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, адмена забароны датычыць толькі павільёнаў з гандлёвай залай. «Са зместу гэтага рашэння вынікае, што прадпрымальнікі, якія маюць ва ўласнасці шапікі на прыпынках грамадскага транспарту, для атрымання права гандляваць півам павінны будуць альбо ўсталяваць павільёны з гандлёвай залай, альбо пераабсталёўваць сваю ўласнасць у такія павільёны».
Пераабсталяванне шапіка ў павільён з гандлёвай залай ці набыццё новага павільёна — гэта дадатковыя часавыя і фінансавыя выдаткі. Кошт аднаго павільёна складае прыкладна 15-20 тысячаў даляраў. Як падкрэслівае Шумчанка, усе эксперыменты з півам падарвалі фінансавы стан прадпрымальнікаў. Пытанне ў тым, ці захочуць прадпрымальнікі пайсці на дадатковыя выдаткі дзеля пашырэння асартыментнага пераліку за кошт піва і спадарожных тавараў.
Самі ІП з верагоднасцю ў 90% заяўляюць, што ніякіх дадатковых выдаткаў ніхто не панясе ў сувязі з усталяваннем павільёнаў. Проста таму што прадпрымальнікам не дазволяць нічога ўсталёўваць.
Прэцэдэнт ужо ёсць. Адна з прадпрымальніцаў у Калодзішчах паспрабавала ўзгадніць у Менрайвыканкаме замену шапіка на павільён з гандлёвай залай (не на прыпынкавым пункце). Кароткая рэзалюцыя «немэтазгодна» выразна дала зразумець пазіцыю чыноўнікаў у дачыненні да развіцця малога бізнэсу і яго намераў рухацца да фармату больш цывілізаванай формы гандлю.
Па словах прадпрымальнікаў, «немэтазгодна» стала для мясцовых уладаў вельмі зручнай формай адмовы. З аднаго боку прадпрымальнікам не заяўляюць катэгарычнае «адмовіць», але і дазволу ніхто не дае, бо «немэтазгодна» нібыта абумоўлена важкімі прычынамі.
Падобная сітуацыя складваецца і ў дачыненні да летніх кавярняў. Напрыклад, у Берасці прадпрымальнікі накіравалі ў мясцовы гарвыканкам ліст з просьбай дазволіць усталяванне летніх кавярняў на скрыжаванні праспекта Партызанскі і вуліцы Крывашэева.
Як вынікала з адказу чыноўнікаў, пытанне аб размяшчэнні кавярні было разгледжанае сумесна з упраўленнем гандлю Берасцейскага гарвыканкама. Размяшчэнне кавярні было прызнанае немэтазгодным у сувязі з блізкасцю жылога квартала.
Такая пазіцыя чыноўнікаў на месцах, як адзначаюць прадпрымальнікі, не дазваляе разлічваць на тое, што на прыпынкавых пунктах у Менскай вобласці замест шапікаў атрымаецца ўсталяваць павільёны з гандлёвай залай.
«Адмена забароны была б эфектыўная, калі б такое рашэнне аўтаматычна дазваляла замену шапіка на павільён. Напрыклад, як гэта было пры пераходзе з ІП у ЧУП, калі заканадаўча чыноўнікаў абавязалі перарэгістроўваць усе дакументы. Але ва ўмовах, якія склаліся, думаю, нікага гандлю півам на прыпынках не прадбачыцца», — падкрэсліла ў інтэрв'ю «Беларускім навінам» прадпрымальніца Алена.
Тым не менш, рашэнне Менаблвыканкама, лічыць Анатоль Шумчанка, «стварыла прэцэдэнт, які дае падставы меркаваць, што рашэнні пра адмену забароны гандлю півам у далейшым будуць прынятыя і іншымі аблвыканкамамі». Ён нагадаў, што раней прадстаўнікі рэгіянальных уладаў спасылаліся менавіта на ўзгодненую ўсімі абласцямі забарону на гандаль півам. «Магчыма, зараз гэтак жа ўзгоднена гэтая забарона будзе адмененая. У хуткім часе мы падрыхтуем звароты ў іншыя вобласці з прапановай адмяніць уведзеную забарону».