BE RU EN

Марыну Коктыш дапыталі ў КДБ

  • 1.07.2010, 16:06

Намесніка галоўнага рэдактара «Народнай Волі» выклікалі сёння ў следчае ўпраўленне КДБ.

Марыну Коктыш запрасілі на допыт у следчае ўпраўленне КДБ да старэйшага следчага Паўла Чарняўскага ў якасці сведкі па крымінальнай справе № 10068930031 - справе старэйшага следчага па асабліва важных справах Генеральнай пракуратуры Святланы Байковай, якая з сакавіка, пасля затрымання КДБ, утрымліваецца пад арыштам, паведамляе газета «Салідарнасць».

- У пачатку размовы мне сказалі, што ў камітэце ўважліва сочаць за маімі публікацыямі і адзначылі, што ўсе яны напісаныя карэктна і на прафесійным узроўні, - распавяла Марына Коктыш пасля гадзіннага допыту.

Па яе словах, следчы цікавіўся, што ёй вядома пра справу Байковай акрамя таго, што яна пісала ў «НВ», а таксама распытваў аб кантактах журналіста з адвакатам Байковай.

- Але большасць пытанняў да майго здзіўлення тычыліся мяне асабіста - маёй вучобы, працы, адносінамі з некаторымі людзьмі. Шчыра кажучы, я так і не зразумела, для чаго мяне выклікалі на допыт. Бо яшчэ ўчора следчы казаў па тэлефоне, што вышукваў мяне па ўсім горадзе і ёсць тэрміновая неабходнасць у размове, - адзначыла Марына Коктыш. - Паколькі ў апошні час мяне часта выклікаюць на допыты, то ў мяне зарадзілася здагадка. Можа, у мяне з'явіўся ўплывовы прыхільнік, які баіцца пасылаць кошык ружаў і з дапамогай выклікаў на допыты хоча, каб я здагадалася, хто ён? Дык вось, я не здагадваюся! Шчыра кажучы, выклікам на допыты ўсё ж такі ўпадабала б кошык кветак.

Апошнія навіны