Спецслужбы Кыргызстана будуць «атакаваць» Лукашэнку
- 13.07.2010, 16:07
Улады Кыргызстана накіравалі паўторны запыт у Беларусь аб экстрадыцыі збеглага дыктатара.
Пра гэта заявіў сёння кіраўнік спецслужбаў Кыргызстана Кенешбек Душабаеў.
«Кыргызстан, нягледзячы ні на што, будзе патрабаваць у Беларусі экстрадыцыі Курманбека Бакіева», - цытуе кіраўніка спецслужбаў агенцтва 24kg.
«Калі ў гэты раз не будзе станоўчага выніку, мы не будзем адчайвацца і працягнем атакаваць Беларусь да чаканага выніку», - сказаў Душабаеў.
Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі з 19 красавіка. Рашэнне аб прадастаўленні яму палітычнага прытулку прыняў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Гэта выклікала пратэсты з боку новых уладаў Кыргызстана, а таксама сваякоў загінуўшых дэманстрантаў, страляць па якіх аддаў загад Бакіеў. Каля амбасады Беларусі ў Бішкеку пастаянна праходзяць пікеты. Новыя ўлады Кыргызстана патрабуюць экстрадаваць Бакіева на радзіму, аднак беларускія ўлады адмаўляюцца.
Вядома, што Бакіеў разам з адной з сваіх неафіцыйных жонак і дзецьмі жыве ў рэзідэнцыі Лукашэнкі ў Драздах.
Генеральная пракуратура Беларусі прыняла рашэньне не выдаваць Курманбека Бакіева кыргызскаму боку.