Арыштаваны намеснік дырэктара Гомельскага станкабудаўнічага завода
- 14.07.2010, 11:19
Крымінальная справа ўзбуджаная Галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі.
Як растлумачылі «Ежедневнику» у ГУБОПіК МУС, арышт стаў магчымы ў выніку правядзення аператыўных мерапрыемстваў на РУП «Гомельскі станкабудаўнічы завод». Аператыўнікі ГУБОПіК МУС звярнулі ўвагу, што адзін з кіраўнікоў буйнога прадпрыемства жыве не па сродках, у той час як сам завод знаходзіцца не ў лепшым фінансавым становішчы.
«У нас няма такога, што мы канкрэтна глядзім, хто на якой машыне прыязджае, але калі паступае інфармацыя, мы яе правяраем. Вось падчас такой праверкі намі і быў выяўлены факт карупцыі на заводзе», - распавялі «Ежедневнику» у ГУБОПіК МУС.
Па словах аператыўніка, арыштаваны намеснік генеральнага дырэктара па сваіх службовых абавязках адказваў за нерухомасць, якая знаходзілася ва ўласнасці прадпрыемства. Менавіта на гэтым карупцыя і расквітнела.
Як паведамілі ў ГУБОПіК МУС, намеснік дырэктара быў спачатку затрыманы па падазрэнні ў атрыманні 10 тысяч еўра ад аднаго сталічнага бізнэсмэна. Нібыта грошы былі атрыманыя за станоўчае вырашэнне пытання аб прадастаўленні ў арэнду вытворчага памяшкання прадпрыемства. Але неўзабаве пасля затрымання сталі вядомыя і іншыя непрыгожыя факты, датычныя здачы ў арэнду памяшканняў завода. На дадзены момант вядома ўжо аб трох фактах, але праца аператыўнікаў яшчэ працягваецца, і не выключана, што будуць выяўленыя і іншыя дрэнныя справы намесніка генеральнага дырэктара РУП «Гомельскі станкабудаўнічы завод». На дадзены момант яму прад'яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.430 КК РБ (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры, альбо арганізаванай групай, альбо асобай, якая займае адказнае становішча).
На самім прадпрыемстве адмовіліся каментаваць сітуацыю. Як заявілі «Ежедневнику» у прыёмнай, зараз на заводзе праходзіць вельмі важнае мерапрыемства, таму ўсе вельмі занятыя і ўвогуле не да гэтага. Ды і лёсам арыштаванага намдырэктара ніхто асабліва не цікавіцца.