Меркель абмяркуе з Мядзведзевым беларуска-расейскія адносіны
- 14.07.2010, 11:30
Сёння ў Екацерынбургу пачынаецца 10-я сесія расейска-германскага форуму «Пецярбургскі дыялог».
Як паведаміў памочнік прэзідэнта РФ Сяргей Прыходзька, у форуме прымуць удзел і лідэры дзвюх краін Дзмітрый Мядзведзеў і Ангела Меркель.
Па словах Прыходзька, якія прыводзіць Радыё «Маяк», акрамя іншых пытанняў, фэдэральны канцлер ФРГ Ангела Меркель у гутарцы з прэзідэнтам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым плануе падняць тэму беларуска-расейскіх узаемаадносін. У першую чаргу яе будуць цікавіць сітуацыя з пастаўкай на Захад расейскіх энергарэсурсаў праз тэрыторыю Беларусі.
Форум «Пецярбургскі дыялог» быў створаны па ініцыятыве Уладзіміра Пуціна і Герхарда Шродэра. Назва форуму звязана з імем Пятра Першага, які «адкрыў акно ў Еўропу». Мэта мерапрыемства - збліжэнне расійскай і германскай грамадскасці, пераадоленне забабонаў ва ўзаемным разуменні і далейшае паглыбленне паразумення паміж Нямеччынай і Расеяй.