У Азербайджане з'явіцца спіс забароненых імёнаў
- 14.07.2010, 16:42
Забароненыя імёны, якія насілі «асобы, што здзейснілі агрэсію супраць азербайджанскага народа».
У Азербайджане плануецца скласці спісы дазволеных і забароненых імёнаў. Пра гэта паведамляе ІА «Трэнд» са спасылкай на дырэктара Інстытута інфармацыйных тэхналогій азербайджанскай акадэміі навук Расіма Алігуліева.
У цяперашні час спецыяльная камісія акадэміі навук па просьбе міністэрства юстыцыі даследуе значэнне розных імёнаў. Па выніках працы камісіі будуць складзеныя спісы. Імёны мяркуецца падзяліць на тры катэгорыі.
У «зялёны спіс» увойдуць імёны, якія, на думку акадэмікаў, «адпавядаюць нацыянальным, культурным і ідэалагічным каштоўнасцям». Даваць іх сваім дзецям грамадзяне Азербайджана змогуць без якіх-небудзь абмежаванняў.
У «жоўты спіс» будуць уключаныя імёны, якія лічацца непажаданымі (напрыклад, таму, што яны непрыгожа гучаць на іншых мовах). Нарэшце, «чырвоны спіс» будзе змяшчаць забароненыя імёны - напрыклад, імёны, якія насілі «асобы, якія здзейснілі агрэсію супраць азербайджанскага народа».
Пачаць прымяненне гэтай схемы, як заявіў дырэктар інстытута, плануецца ўжо ў 2010 годзе.