У Беларусі ўвядуць новую крымінальную адказнасць для бізнэсмэнаў
- 22.07.2010, 9:10
Cавет бяспекі лічыць неабходным увесці крымінальную адказнасць за гібель ці незаконнае знішчэнне бухгалтарскіх дакументаў. І не толькі за гэта...
Па звестках «Штодзённіка», адпаведную прапанову Савет бяспекі зрабіў пасля аналізу фінансавых злачынстваў у Беларусі і практыкі іх расследавання. Эксперты Савета бяспекі звярнулі ўвагу на той факт, што ў Беларусі ствараецца вельмі шмат юрыдычных асобаў без намеру ажыццяўляць статутную дзейнасць. Як правіла, юрасоба рэгіструецца на якога-небудзь зусім пабочнага чалавека (пенсіянера, інваліда ці проста алкаголіка), які атрымлівае за гэта каля 50 даляраў, а далей нават не ведае, чым займаецца фірма, уласнікам якой ён стаў. А далей створаная кампанія пачынае займацца фінансавымі махінацыямі.
Практычна любое фінансавае расследаванне, якое праводзіцца ў МУС, КДБ ці ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДК, так ці інакш упіраецца ў дзейнасць ілжэпрадпрымальніцкай структуры. Пры гэтым людзі, якія падаюць свой пашпарт для рэгістрацыі, нават пасля выкліку на допыт да следчага працягваюць зарабляць такім няхітрым спосабам. Адказнасці ж ніякай. Гэтаму і збіраецца пакласці канец Савет бяспекі. Бо пасля таго, як пакараюць з дзясятак другі такіх «зіц-старшыняў» ахвотнікаў на гэтым зарабіць сур'ёзна паменшыцца.
Так Савет бяспекі прапануе разгледзець пытанне аб унясенні зменаў у шэраг заканадаўчых актаў, у тым ліку ў артыкул 234 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ілжэпрадпрымальніцтва). Сёння гэты артыкул прадугледжвае крымінальную адказнасць за «дзяржаўную рэгістрацыю ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка ці стварэнне юрыдычнай асобы без намеру ажыццяўляць прадпрымальніцкую ці статутную дзейнасць у мэтах атрымання пазыкаў, крэдытаў, ці для прыкрыцця забароненай дзейнасці, ці для ўтойвання, заніжэнні прыбытку, даходаў ці іншых аб'ектаў падаткаабкладання, ці для атрымання іншай маёмаснай выгады».
Як відаць з гэтай фармулёўкі, адказнасць за рэгістрацыю можа наставаць толькі ў выпадку, калі заснавальнік меў мэту атрымаць праз дзейнасць юрасобы нейкую маёмасную выгаду для сябе. Але ў тым і загваздка, што асобы, якія падаюць свой пашпарт для рэгістрацыі, не цікавяцца, чым далей будзе займацца фірма і нават не спадзяюцца атрымліваць з гэтага выгаду. Зараз жа прапануецца, каб крымінальная адказнасць наставала незалежна ад наяўнасці нейкай мэты.
Савет бяспекі таксама занепакоены вялікай колькасцю фактаў, калі бізнэсмэны знішчаюць бухгалтарскія дакументы, а потым проста разводзяць рукамі і кажуць: «Страцілі». Дзякуючы гэтаму расследаванне шмат якіх справаў проста немагчыма давесці да лагічнага канца. Менавіта таму Савет бяспекі прапануе таксама ўвесці крымінальную адказнасць за страту ці незаконнае знішчэнне дакументаў бухгалтарскага ўліку.
Прапановы ўжо накіраваныя ў Адміністрацыю прэзідэнта і, выглядае, іх чакае станоўчая рэзалюцыя.