Менчукі раскупілі ў крамах усе вентылятары
- 28.07.2010, 9:24
Незвычайна спякотнае надвор'е да максімуму падагрэла ў Менску попыт на вентылятары.
У ГУМе, ЦУМе, універмагу «Беларусь» і буйных крамах, якія гандлююць выключна электратаварамі і побытавай тэхнікай, іх літаральна змялі з паліцаў, паведамляе агенцтва «Менск-Навіны».
- Яшчэ ў мінулы чацвер вентылятары ў нашай краме былі. Зараз скончыліся, але заяўкі на іх ужо пададзеныя – чакаем падвозу, – кажа намеснік дырэктара ААТ «ЦУМ Менск» Аляксей Сокал. – Толькі за ліпень прадалі каля 600 штук. Такі рэзкі ўсплёск попыту на гэты тавар на маёй памяці быў хіба што 4-5 гадоў таму, калі таксама выдалася спякотнае лета.
Настольны варыянт выратавальнага электрапрыбора гэтым летам у крамах каштаваў каля 50 тыс. рублёў. Падлогавы – каля 190 тыс. Прадаўцы кажуць, што аналагічныя мадэлі яшчэ можна пашукаць на рынках. Але там яны каштуюць разы ў два-тры даражэй.