BE RU EN

Палітолагі: Крэмль не хоча мець справу з ненадзейным Лукашэнкам

  • 30.07.2010, 9:30

Рашэнне Масквы не будаваць АЭС у Беларусі - вынік канфлікту Лукашэнкі з Пуціным.

Будаўніцтва АЭС у Беларусі адкладаецца. Расея патрабуе ад Менска стварэння сумеснага прадпрыемства па збыце электраэнергіі і 50% даходаў ад гэтага збыту, нагадвае «Газета.Ru».

Будучыня беларускай АЭС залежыць ад стварэння сумеснага беларуска-расейскага прадпрыемства па збыце электраэнергіі, паведаміла у чацвер крыніца ў органах дзяржкіравання Беларусі. Умову стварэння СП вылучыла Расея, сказала крыніца.

Гэтае пытанне з'яўляецца галоўнай перашкодай для падпісання пакета пагадненняў аб будаўніцтве АЭС, сказаў ён.

Першая беларуская АЭС павінна была будавацца расейскім «Атамбудэкспартам» цалкам за кошт ільготнага расейскага дзяржаўнага крэдыту. Месца для будаўніцтва было вызначана ў Гарадзенскай вобласці, за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад мяжы з Літвой. Паводле зацверджанага плану, беларуская АЭС павінна складацца з двух энергаблокаў з вода-вадзянымі рэактарамі сумарнай магутнасцю 2,4 тысячы мегаватаў. Першы энергаблок меркавалася ўвесці ў дзеянне ў 2016 годзе, другі — у 2018-м.

Зараз каменем спатыкнення стала пытанне стварэння сумеснага прадпрыемства, якое будзе прадаваць электраэнергію, вырабленую на гэтай АЭС. Расею на гэтых перамовах прадстаўляе аператар экспарту-імпарту электраэнергіі ў РФ ААТ «Інтэр РАТ АЭС». Савет дырэктараў «Інтэр РАТ АЭС» узначальвае віцэ-прэм'ер Ігар Сечын, які курыруе расейскі ПЭК — ён вядомы як прыхільнік жорсткай энергетычнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Так, ён прапанаваў увесці экспартныя пошліны на расейскі прыродны газ, які пастаўляецца Беларусі.

Кошт будаўніцтва АЭС з двума рэактарамі складае $6 млрд. Яшчэ $3 млрд патрабавалася на стварэнне спадарожнай інфраструктуры — ад жылога гарадка для працаўнікоў АЭС да магутных лініяў электраперадачы і пад'язных чыгуначных шляхоў.

Расея першапачаткова выказала гатоўнасць выдаць Беларусі звязаны крэдыт на $6 млрд, але афіцыйны Менск з такім падыходам не пагадзіўся. Беларускі бок настойваў на тым, што Расея павінна выдаць крэдыт на $9 млрд, прычым свабоднымі грашыма. Так і спрачаліся беларускія і расейскія перамоўшчыкі месяц за месяцам.

Спачатку ў беларускім урадзе і адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі паўтаралі, што дамова з Расеяй аб вылучэнні «атамнага» крэдыту будзе падпісаная ў I квартале 2009 года, затым — улетку 2009-га. Потым дату падпісання перанеслі на восень, потым на зіму. Потым наогул перасталі называць якія-небудзь даты.

За гэты час урачыста стартавала будаўніцтва Балтыйскай АЭС пад Калінінградам, пра свае планаваныя АЭС заявілі Польшча і Літва. Актуальнасць першай беларускай АЭС як важнага беларуска-расейскага праекта стала знікаць.

Паводле дадзеных крыніцы ў беларускім урадзе, умовай расейскага боку таксама з'яўляецца доля ў гэтым СП у памеры не менш за 50%. Гэта значыць Расеі дастанецца 50% (ці больш) даходаў ад збыту электраэнергіі, якая будзе выпрацоўвацца беларускай АЭС у выпадку яе будаўніцтва за кошт расейскага крэдыту.

Паводле яе словаў, адна з прапановаў беларускага боку па ўрэгуляванні ўзніклых рознагалоссяў заключаецца ў тым, каб вынесці пытанне стварэння СП па-за межы пагаднення аб паралельнай працы энергасістэмаў.

У якасці кампрамісу беларускі бок таксама прапанаваў расейскім партнёрам пабудаваць трэці блок АЭС, які працаваў бы толькі на экспарт і з'яўляўся ўласнасцю расейскага боку. Аднак Расея адхіліла гэтую прапанову, сцвярджае суразмоўца.

«Цяперашняе рашэнне Масквы на сто адсоткаў палітычнае. Крэмль паказвае, што проста не хоча мець справу з такім ненадзейным бізнэс-партнёрам, як Лукашэнка», — кажа беларускі палітолаг Віктар Дземідаў.

«Ужо даўно ўсім зацікаўленым асобам стала зразумела, што праект будаўніцтва першай беларускай АЭС — гэта для афіцыйнага Менска проста нагода атрымаць ад Масквы чарговы ільготны крэдыт на некалькі мільярдаў. А калі будаўніцтва сапраўды пачалося б, дык на 80% яно вялося б сіламі беларускіх дзяржкампаніяў, – гэта значыць грошы б уліваліся ў беларускую эканоміку, а «Атамбудэкспарту» дасталася толькі частка іх — за рэактары, турбіны і паліва. У Маскве ўсё разумелі, але з чыста палітычных матываў ад праекта не адмаўляліся — усё ж Саюзную дзяржаву ніхто не адмяняў. Але зараз пазіцыя Крамля відавочна памянялася», — сведчыць эксперт.

«Складана сказаць, як павядзе сябе беларускі бок, якой будзе афіцыйная рэакцыя Менска», — кажа вядучы спецыяліст канцэрна «Белэнерга» Тадэуш Ваніцкі. «Будзем глядзець беларускае тэлебачанне. Калі ў вячэрніх навінах па дзяржаўных каналах пачнуць ізноў паліваць брудам Расею, яе кіраўніцтва і праславутых алігархаў — значыць, удар быў вельмі хваравітым. Калі будзе ціха — значыць, беларускі ўрад яшчэ спрабуе дамовіцца з Сечыным», — разважае Ваніцкі.

Апошнія навіны