Беларускія вну павялічылі аплату за навучанне
- 6.07.2010, 12:50
У сярэднім вышэйшая адукацыя ў Беларусі падаражэе на 300 — 500 тысячаў рублёў.
Уступная кампанія ў Беларусі пераходзіць у заключны этап: з 6 ліпеня пачынаецца выдача сертыфікатаў тэставання, потым падача дакументаў ва ўніверсітэты краіны і залічэнне абітурыентаў. Тым, каму не пашчасціць стаць студэнтамі бюджэтных аддзяленняў, але сума набраных на тэставанні балаў будзе немаленькай, вну прапануюць вучыцца платна. І ўжо сёння можна смела казаць, што кошты на вышэйшую адукацыю ў Беларусі ў новым навучальным годзе будуць істотна адрознівацца ад коштаў 2009/2010 навучальнага года, піша «Народная воля».
Так, напрыклад, Акадэмія кіравання пры прэзідэнце РБ на сваім сайце ўжо апублікавала, колькі будзе каштаваць год навучання ў гэтым вну ў 2010/2011 году — 3 мільёны 990 тысячаў. Год таму гэтая сума была ніжэй — 3 мільёны 590 тысячаў.
Змяніліся тарыфы на навучанне і ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Летась першакурснікі платных аддзяленняў БДЭУ ўнеслі ва ўніверсітэцкую казну ад 3 мільёнаў 276 тысячаў 890 рублёў да 3 мільёнаў 379 тысячаў 380 рублёў, у залежнасці ад факультэта. Для цяперашніх уладальнікаў студэнцкіх білетаў гэтыя сумы павялічаныя: ад 3.683.630 да 3.699.030.
Вызначыўся з аплатай і Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, дзе кожны год адзначаецца вельмі высокі конкурс і прахадны бал. Летась стаматалагічны факультэт БДМУ быў самым дарагім факультэтам сярод усіх вну Беларусі. Мяркуючы па ўсім, гэтае лідэрства ён захавае і ў гэтым навучальным годзе. Як, зрэшты, і сам БДМУ. Універсітэт істотна павялічыў аплату за навучанне на ўсіх факультэтах.
Кошт навучання на лячэбнай справе падвышаны з 4.980.000 да 5.430.000, на педыятрыі з 4.980.000 да 5.430.000, на стаматалогіі з 6.000.000 да 6.540.000, на факультэце медыка-прафілактычная справа з 4.440.000 да 4.860.000.
Няма пакуль афіцыйнай інфармацыі пра аплату навучання на сайтах не менш прэстыжных і папулярных сярод абітурыентаў вну — Белдзяржуніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і іншых. Аднак, як адзначае выданне, няма падставаў спадзявацца на тое, што гэтыя вну захаваюць тарыфы на навучанне на ўзроўні мінулага навучальнага года. Тым больш што ў Дзень адкрытых дзвярэй на юрыдычным факультэце БДУ агучвалася меркаваная сума аплаты ў 2010/2011 годзе — 5 мільёнаў 200 тысячаў беларускіх рублёў. Для параўнання: у гэтым навучальным годзе першакурснікі юрфака БДУ плацілі за сваё навучанне 4 мільёны 879 тысячаў рублёў.