BE RU EN

Міліцыянт - непапулярная прафесія

  • 23.08.2010, 13:25

Хлопцы не хочуць паступаць у Акадэмію МУС, а дзяўчат не бяруць. Прахадныя балы для юнакоў нізкія. Для дзяўчат - наадварот, завоблачныя.

Але ў гэтым годзе ў Акадэмію залічылі толькі 31 дзяўчыну, гэтая лічба скарочаная ў параўнанні з леташнім наборам. Тлумачыцца гэта незапатрабаванасцю жанчын у прафесіі. А вось колькасць ахвотных прымерыць міліцэйскія спадніцы не скарацілася, піша «Наша Ніва».

Так, для залічэння на спецыяльнасць «Правазнаўства» следча-экспертнага факультэта для юнакоў дастаткова было набраць толькі 103 балы, а для дзяўчат - 291 (259 з вёсак).

А на «Судовую экспертызу» для дзяўчат прахадны бал склаў 365 (169 для юнакоў), што параўнальна з самымі моднымі спецыяльнасцямі БДУ.

У гэтым годзе не было набору на шэраг спецыяльнасцяў, у тым ліку на «Адміністрацыйна-прававую дзейнасць», дзе ў мінулым годзе прахадныя балы былі яшчэ меншыя: 93 для юнакоў (224 для дзяўчат).

На «Судовую экспертызу», для патрэбаў Памежнага камітэта і ў Маскоўскі універсітэт па абмене прахадны бал склаў 169. На астатнія спецыяльнасці ён вагаецца паміж 103 і 168.

Чым выклікана такое нежаданне маладых людзей станавіцца міліцыянтамі? Чаму службу ў праваахоўных органах выбіраюць не самыя лепшыя выпускнікі школ? У прафесіі ж ёсць свае перавагі: заробкі, павышаная пенсія ў 45 гадоў, знаёмствы.

«Вы паглядзіце, якое з міліцыі пасмешышча зрабілі, - адмахваецца былы міліцыянт Мікалай Праскевіч. - Разумееце, ні аўтарытэту, нічога ў міліцыі няма».

Але ў той жа час шмат дзяўчат хочуць служыць у органах. Чым гэта абумоўлена?

«Дзяўчаты ж не ідуць у патрульна-паставыя службы, у ДАІ, - кажа Праскевіч. - Яны ідуць у кабінеты працаваць. І гэтым усё сказана».

Сам Праскевіч паступаў яшчэ да службы ў войску ў Вышэйшую школу міліцыі. Быў вялікі конкурс. І ён не паступіў. Прыйшоў у міліцыю пасля войска. Аддаў чвэрць стагоддзя прафесіі. Зараз працуе ў ахове.

Аб сваім выбары ў жыцці не шкадуе. Але сваіх дзяцей у міліцыю служыць сёння не пусціў бы. «Мой старэйшы сын хацеў ісці. Але я яго адгаварыў. І ён пайшоў у будаўнікі».

Апошнія навіны