BE RU EN

КДБ і КДК арыштавалі дзесяць камерсантаў за адмыванне грошай

  • 3.08.2010, 12:22

Супрацоўнікі ДФР Камітэта дзяржкантролю сумесна з прадстаўнікамі КДБ Беларусі затрымалі дзесяць чалавек, сярод якіх - двое расейцаў.

Паводле дадзеных следства, апошнія тры гады затрыманыя камерсанты адмывалі грошы для шматлікіх бізнэсмэнаў, і не толькі беларускіх.

За гэты час яны зарабілі больш за 100 млрд. рублёў. Гэтая лічба першапачатковая, але следчыя не сумняюцца, што ў далейшым сума павялічыцца. Таму што штодзённы абарот грашовых сродкаў перавышаў 300 тыс. даляраў. Камерсантаў ужо арыштавалі. Да суду яны будуць знаходзіцца пад вартай, перадае «Тэлеграф» са спасылкай на Белтэлерадыёкампанію.

Па словах начальніка ўпраўлення па расследаванні злачынстваў ДФР Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Дзмітрыя Адамовіча, для адмывання грошай камерсанты зарэгістравалі больш за 20 прадпрыемстваў на тэрыторыі Расеі, Кіпра, Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі і Панамы. «Шляхам аддаленага доступу праз інтэрнэт яны кіравалі рахункамі гэтых прадпрыемстваў. Тым самым займаліся незаконнымі фінансавымі аперацыямі», - распавёў Дзмітры Адамовіч.

Следства таксама не выключае, што абвінавачваныя маглі легалізаваць свае прыбыткі ў Еўразвязе.

У сваю чаргу, старэйшы следчы ДФР Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Юры Кароль паведаміў, што «калі па гэтай справе следства толькі напачатку свайго шляху, нягледзячы на ўжо даказаныя факты, дык яшчэ адна група бізнэсмэнаў, спецыялізацыяй якіх было адмыванне грошай, у хуткім часе паўстане перад судом». «13 чалавек за два гады такім няхітрым спосабам змаглі зарабіць амаль два трыльёны рублёў», - адзначыў Юры Кароль.

Апошнія навіны