Амерыканская і расейская арміі правядуць сумесныя вучэнні
- 3.08.2010, 12:42
Расея і ЗША пры ўдзеле Канады ўпершыню правядуць сумесныя контртэрарыстычныя вучэнні ў паветры.
Пра гэта 2 жніўня паведамляецца на сайце Камандавання паветрана-касмічнай абароны Паўночнай Амерыкі (NORAD), перадае Lenta.ru.
Вучэнні, названыя «Пільны арол» (Vigilant Eagle), распачнуцца ў перыяд 8-11 жніўня. У іх прымуць удзел як вайскоўцы дзвюх краінаў, так і грамадзянскія спецыялісты з расейскай Федэральнай аэранавігацыйнай службы і амерыканскага Федэральнага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі.
Акрамя таго, у вучэннях будуць удзельнічаць прадстаўнікі ВПС Канады, бо NORAD з'яўляецца сумеснай канадска-амерыканскай структурай. Пры правядзенні вучэнняў будуць задзейнічаныя баявыя самалёты ВПС дзвюх краінаў, самалёты радыёлакацыйнай выведкі AWACS, А-50 і Boeing E-3B, а таксама расейскія і амерыканскія паветраныя запраўшчыкі.
Мэтай вучэнняў стане адпрацоўка ўзаемадзеяння бакоў пры захопе тэрарыстамі пасажырскага самалёта. У праграму вучэнняў уваходзіць ажыццяўленне ім двух міжнародных пералётаў - з Далёкага Усходу на Аляску і з Аляскі на Далёкі Усход. Бакі павінны будуць адпрацаваць узаемадзеянне па перахопе і суправаджэнні «захопленага» самалёта, а таксама па перадачы яго суправаджэння ВПС ад адной краіны-ўдзельніцы да другой.