Пракуратура апраўдала арышт газеты «Вольны горад»
- 3.08.2010, 14:03
Пракуратура Крычаўскага раёна не знайшла падставаў для крымінальнага пераследу мясцовых міліцыянтаў.
Выдавец незалежнай крычаўскай газеты «Вольны горад» Уладзімір Кудраўцаў абвінаваціў трох міліцыянтаў у крадзяжы 297 асобнікаў свайго выдання і ў перашкаджэнні прафесійнай дзейнасці журналістаў, паведамляе «Радыё Свабода».
У лісце Кудраўцаву за подпісам раённага пракурора кажацца, што незарэгістраванае выданне «Вольны горад» друкуецца з парушэннем закона «Аб сродках масавай інфармацыі». Таму падставаў для праверкі і ўзбуджэння крымінальнай справы супраць міліцыянтаў, якія прыходзілі ў рэдакцыю, пракуроры не бачаць.
Дарэчы, галоўнай тэмай арыштаванага нумару быў артыкул «НТВ знішчыла рэпутацыю прэзідэнта Лукашэнкі» з каментаром Паўла Шарамета пра скандальны фільм расейскай тэлекампаніі «Хросны бацька».