У Менску падлетак з газавым балончыкам напаў на кандуктара
- 3.08.2010, 14:12
Такім чынам ён адрэагаваў на патрабаванне аплаціць праезд.
У аўтобусе, які рухаўся ад рынку ў Ждановічах, 13-гадовы падлетак пырснуў струмянём газу ў кандуктарку-кантралёра. Аднак газ аказаў сур'ёзнае ўздзеянне не толькі на пацярпелую, але і на юнага правапарушальніка і яго сяброў. Кандуктарка выклікала нарад міліцыі, які затрымаў хулігана.
Пра гэта паведаміла БелТА прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС сталіцы Кацярына Лісоўская.
Улічваючы ўзрост хлапчука, да адказнасці была прыцягнутая яго маці. Па арт.9.4 КоАП за невыкананне абавязальніцтваў па выхаванні дзяцей прадугледжаны штраф да 10 базавых велічыняў (зараз адна базавая раўняцца Br35 тыс.). Сам парушальнік пастаўлены на ўлік у інспекцыю па справах непаўнагадовых.
Як высветлілася, трое 13-гадовых падлеткаў набылі балончык усяго за Br5 тыс. на згаданым рынку. Пры гэтым прадавец нават не пацікавіўся, навошта хлапчукам патрэбны гэты небяспечны прадмет.