BE RU EN

Пад Бабруйскам прайшоў тарнада? (Фота)

  • 3.08.2010, 15:17

Відавочцы зафіксавалі тарнада ў раёне вёскі Цітаўкі пад Бабруйскам.

«Тарнада вельмі небяспечныя. Убачыўшы, ратуйцеся!» - так пракаментавала пытанне газеты «Магілёўскія ведамасці» пра з'яўленне тарнада ў раёне Цітаўкі начальніца Бабруйскай метэастанцыі Ганна Панкраццева.

Тарнада вельмі і вельмі небяспечныя, яны папросту могуць уцягнуць у сваю варонку аўтамабіль, сарваць дах дома ці ўзняць у паветра і жывёлаў, і людзей. Такія атмасферныя з'явы зусім не характэрныя для нашых месцаў. Але ў апошні час усё часцей падобныя выпадкі адзначаюцца і непадалёк ад нас (у Падмаскоўі, Санкт-Пецярбургу).

«Нашая метэастанцыя падобныя з'явы яшчэ не рэгістравала, - кажа Панкраццева. - Адзінае, што магу сказаць, у дзень, пра які ідзе гаворка, тэмпература паветра была на ўзроўні +35».

Вось што кажа відавочца - майстар участку па нарыхтоўцы лігніну Мікалай Палявы:

«Усё вакол рэзка пацямнела, сонца закрылася пыльнай хмарай. Я знаходзіўся за пяць метраў ад тарнада і пачаў здымаць тое, што адбывалася, на мабільны. Адчуванні, скажу вам, проста жудасныя. Ад гэтага слупа зыходзіў жахлівы холад, вельмі непрыемна і страшна. Страх адчувалі і працоўныя, якія бачылі гэтую з'яву. Пыл, холад і ўся гэтая рухомая маса накіроўвалася ў бок Магілёўскай шашы. Ляжала некалькі валуноў вагой каля трыццаці кілаграмаў, дык яны былі гэтай паветранай стыхіяй з дзіўнай лёгкасцю перанесеныя на іншае месца. Затым тарнада перамясціўся да лесапасадкі, зламаў пару дрэваў і растаў, нібыта і не было».

Апошнія навіны