BE RU EN

У Эйндховане пройдзе фотавыстава, прысвечаная зніклым беларусам

  • 8.09.2010, 10:37

У горадзе-пабраціме Менска Эйндховане (Нідэрланды) 16 верасня адбудзецца цырымонія ўшанавання памяці зніклых беларусаў.

У адзінаццатыя ўгодкі гвалтоўнага знікнення віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Беларусі Віктара Ганчара і бізнэсоўца, грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага ў Эйндховане ў царкве св. Катарыны адбудзецца адкрыццё фотавыставы, прысвечанай барацьбе за праўду пра знікненні ў Беларусі. Экспазіцыю адкрые прадстаўнік муніцыпальных уладаў Стаф Дэпла. З прамовай выступіць дачка Анатоля Красоўскага Валерыя. Цырымонія адкрыцця пачнецца ў 15:30. Выстава прадоўжыцца да 30 верасня.

Фотавыстава арганізаваная сумеснымі намаганнямі «Міжнароднай амністыі», Федэрацыяй нацыянальных прафсаюзаў Нідэрландаў, Mission to Minsk і ініцыятывай «Мы помнім».

16 верасня 2008 года пры ўдзеле муніцыпальных уладаў у цэнтры Эйндхована, які з 1995 года з'яўляецца горадам-пабрацімам Менска, былі пасаджаныя 4 дубы ў памяць пра гвалтоўна зніклых Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага. 16 верасня 2009 года было адзначана маштабнай акцыяй памяці ля дрэў. У гэтым годзе адзіннацатыя ўгодкі са дня знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага таксама будуць адзначаныя цырымоніяй ўшанавання памяці. Яе адкрые Валерыя Красоўская. Паэт Леа Месман, чый верш, прысвечаны гвалтоўна зніклым беларусам, выгравіраваны на памятнай дошцы каля дрэваў, прачытае свой новы верш.

Хвілінай маўчання ўдзельнікі цырымоніі ўшануюць памяць Алега Бябеніна, памерлага пры нявысветленых абставінах 3 верасня. Нагадаем, заснавальнік і кіраўнік сайта charter97.org быў знойдзены павешаным на яго лецішчы пад Менскам.

Прыняць удзел у цырымоніі ўшанавання памяці гвалтоўна зніклых беларусаў і наведаць адкрыццё фотавыставы запрашаюцца ўсе жадаючыя.

Апошнія навіны