Перад матчам з Румыніяй балельшчыкаў прымушалі распранацца
- 8.09.2010, 10:52
На стадыёне «Дынама» ўчора затрымлівалі грамадскіх актывістаў.
Праваабаронца Ірына Тоўсцік паведаміла БелаПАН, што ўсіх актывістаў кампаніі «Гавары праўду! », затрыманых перад пачаткам футбольнага матча паміж зборнымі Беларусі і Румыніі, адпусцілі без складання пратаколаў.
Паводле яе словаў, супрацоўнікі міліцыі пры ўваходзе на стадыён усіх праходзячых прасілі расшпіліць курткі і аглядалі вопратку. «Тых, у каго пад адзеннем аказвалася майка кампаніі «Гавары праўду!», адвялі ў пакой міліцыі на стадыёне, а пасля гэтага даставілі ва УУС Ленінскага раёна Менска нібыта для высвятлення асобы», - сказала Тоўсцік.
Такім чынам было затрымана прыкладна 50 чалавек, падкрэсліла праваабаронца. Пры гэтым на пытанні, з якой прычыны затрыманы людзі, міліцыянты адказвалі: «Мы вас не затрымлівалі, вас затрымліваў АМАП», - паведаміла Тоўсцік.
Затрыманыя, паводле яе словаў, цяпер рыхтуюць скаргі на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.