Сёння - Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў
- 8.09.2010, 11:41
Журналісты павінны адстойваць сваё права на прафесію і на жыццё.
Гэтую дату вызначыла ў 1958 годзе Міжнародная арганізацыя журналістаў у памяць аб сваім чэшскім калегу Юліусе Фучыку, закатаваным гітлераўцамі 8 верасня 1943 года.
Яго бессмяротныя словы перасцярогі - «Людзі, будзьце пільныя!» - сёння гучаць для нас, беларускіх журналістаў, асабліва актуальна. Бо пагрозы, з якімі мы сутыкаемся, у апошні час становяцца ўсё больш рэальнымі і жорсткімі, адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў.
На днях мы страцілі Алега Бябеніна. Гэтая смерць, як і смерці нашых калегаў Дзмітрыя Завадскага, Веранікі Чаркасавай, Васіля Гроднікава, пакідае больш пытанняў, чым адказаў. А тыя, хто пачынае шукаць гэтыя адказы, самі рызыкуюць жыццём. Так, пасля апублікавання артыкула «Пятля» з версіямі аб прычынах гібелі Алега Бябеніна нашай калезе Святлане Калінкінай адразу ж сталі пагражаць расправай.
Мэта гэтых брутальных і беспакараных дзеянняў - задушыць любое іншадумства. Спалохацца і замаўчаць - значыць пагадзіцца з роляй паслухмяных статыстаў, у якой хацелі б бачыць журналістаў цемрашальства і злачынцы. Але маўчанне не гарантуе бяспеку.
Быць пільнымі - значыць бачыць, што адбываецца, і не маўчаць. Быць салідарнымі - значыць быць неабыякавымі адзін да аднаго і гатовымі прыйсці на дапамогу.
Толькі так мы зможам адстаяць сваё права на прафесію і на жыццё.
Будзем пільныя. Будзем салідарныя. Будзем разам!