Ірына Красоўская і Святлана Завадская: «Не верым!»
- 8.09.2010, 14:38
Удовы выкрадзеных у Беларусі апазіцыянераў зрабілі заяву ў сувязі з гібеллю Алега Бябеніна.
Прыводзім поўны тэкст заявы ініцыятывы «Мы памятаем»:
НЕ ВЕРЫМ!
Мы не верым у тое, што Алега Бябеніна больш няма.
Мы не верым у тое, што ён мог гэта зрабіць з сабой.
Мы не верым, што ён мог пакінуць сям'ю, бацькоў, сяброў.
Мы не верым, што ён пакінуў тую справу, якой займаўся ўсе апошнія гады, не давёўшы яе да канца.
Ён быў побач заўсёды - з самага пачатку трагедыі, якая здарылася з намі: знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Змітра Завадзкага. Ён быў з намі на дэманстрацыях, акцыях, прэс-канферэнцыях, сустрэчах, судах. Ён быў побач, калі мы, стаміўшыся ад безвыходнасці і болю, сядзелі ў коле сяброў і казалі пра справы, далёкія ад палітыкі - дзецей, сям'ю, каханне, мастацтва.
Ён дапамагаў нам выжыць, стаць мацнейшымі, змагацца за праўду. Мы разам зрабілі шмат, але яшчэ не давялі пачатае да канца. Мы ведаем, што праўда будзе аднойдзеная, і правасуддзе здзейснiцца, калі цяперашняя ўлада зменіцца.
Алега больш няма з намі - і сёння нашая чарга змагацца за праўду пра яго лёс.
Мы не верым у тое, што гэтая справа будзе расследаваная пры цяперашняй уладзе, таксама як і выпадкі знікненняў палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, як выпадак смерці Генадзя Карпенкі. Але мы верым у тое, што Беларусь стане свабоднай і імёны яе герояў будуць ўпісаныя ў гісторыю.
Даруй, Алег, што не збераглі цябе.
Ірына Красоўская і Святлана Завадская,
заснавальнікі грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем»