Ярмошына ляціць у Грузію
- 8.09.2010, 15:56
Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына прыме ўдзел у канферэнцыі Асацыяцыі арганізатараў выбараў краінаў Еўропы, якая пройдзе 9—10 верасня ў Тбілісі.
Як паведаміў БелаПАН сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік, канферэнцыя, якая арганізуецца асацыяцыяй, праводзіцца штогод. На ёй разглядаецца адзін са складнікаў выбарчага працэсу. Сёлета ў цэнтры ўвагі будуць пытанні, якія датычаць «спісу грамадзянаў, што прымаюць удзел у галасаванні».
«У некаторых краінах наогул няма практыкі складання спісу грамадзянаў, якія маюць права браць удзел у галасаванні. У той жа час, у Беларусі спісы складаюць дзяржаўныя органы, а ў Грузіі - выбарчыя камісіі», - сказаў сакратар ЦВК.
Мікалай Лазавік паведаміў, што ў межах канферэнцыі запланаваны выступ і кіраўніка беларускага Цэнтравыбаркаму.
З 1996 года ніводныя выбары ў Беларусі не былі прызнаны міжнароднай супольнасцю. У 2004-м годзе Лідзія Ярмошына і яшчэ некалькі дзесяткаў высокапастаўленых чыноўнікаў былі ўнесеныя ў спіс твараў, супраць якіх дзейнічае забарона на ўезд на тэрыторыю ЗША, ЕЗ і іншых краінаў. У 2008 году санкцыі супраць Лукашэнкі і іншых чыноўнікаў былі знятыя, але Ярмошынай, а таксама людзям, датычным да выкраданняў апазіцыянераў уезд у гэтыя краіны забаронены дагэтуль. Санкцыі Еўразвяза супраць Ярмошынай застаюцца ў сіле.