BE RU EN

Кіраўнік МЗС Літвы - аптыміст

  • 8.09.2010, 16:12

Міністр замежных справаў Літвы Аўдранюс Ажубаліс «з аптымізмам» глядзіць на магчымасць падпісання двухбаковага пагаднення аб малым прыгранічным руху.

«Я гляджу на вырашэнне гэтага пытання з пэўным аптымізмам», - заявіў журналістам у сераду кіраўнік літоўскага знешнепалітычнага ведамства, адказваючы на пытанне журналістаў пра перспектывы падпісання беларуска-літоўскага пагаднення аб малым прыгранічным руху, паведамляе «Інтэрфакс-Захад».

Кіраўнікоў МЗС Літвы даў зразумець, што сёння ў яго адбылася двухбаковая сустрэча з міністрам замежных справаў Беларусі Мартынавым, на якой, у ліку іншых, абмяркоўвалася і пытанне аб падпісанні пагаднення. Ён назваў гэтую сустрэчу «кароткай, але вельмі прадуктыўнай».

Адказваючы на пытанне аб магчымых тэрмінах вырашэння гэтага пытання, кіраўнік МЗС Беларусі Мартынаў сказаў: «Гэта кароткатэрміновы аптымізм, у добрым сэнсе гэтага слова».

Як паведамлялася раней, Літва і Беларусь заяўлялі пра зацікаўленасць ў падпісанні пагаднення аб узаемных паездках грамадзянаў у 50-кіламетровай зоне па абодва бакі беларуска-літоўскай мяжы. Гаворка ідзе аб прэферэнцыях для жыхароў 50-кіламетровай зоны пры перасячэнні мяжы, у прыватнасці, спрашчэнні візавага рэжыму, які прадугледжвае перасячэнне мяжы па спецыяльным пропуску.

Літоўскі бок заяўляў пра сваю гатоўнасць падпісаць пагадненне аб малым прыгранічным руху яшчэ 16 верасня 2009 года, падчас візіту ў Вільню Аляксандра Лукашэнкі.

Пазней літоўскі бок заявіў аб прапановах Беларусі па ўнясенні зменаў у праект пагаднення аб малым прыгранічным руху. Як заяўляў Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Літвы ў Менску Эдмінас Багдонас, беларускі бок прапаноўваў унесці ў праект дакумента палажэнне, якое замацоўвае неабходнасць рэгістрацыі літоўскіх грамадзянаў, якія прыбываюць у Беларусь у межах малога прыгранічнага руху. Пры гэтым Багдонас удакладніў, што беларускім грамадзянам не трэба рэгістравацца ў Літве.

Аналагічныя пагадненні ўжо падпісаныя Беларуссю з Польшчай і Латвіяй.

Апошнія навіны